Такі ліст адрасаваў нам жыхар Вілейшчыны (імя і прозвішча ёсць у рэдакцыі).

“Мой сын працуе ў таварыстве “Сцешыцы”. З кожнага, хто працуе ў гаспадарцы, утрымалі з зарплаты па 250 тысяч рублёў за прадукцыю малочнага камбіната. Згоды на гэта не пыталіся.

У мяне ёсць у гаспадарцы карова. Навошта мне іхнія сыры, калі ў мяне ёсць свае?! Мне здаецца, што гэта самавольства”.

У кіраўніцтве таварыства нашай газеце сітуацыю вырашылі не каментаваць. 

Дырэктар Вілейскага філіяла Маладзечанскага малочнага камбіната Марына Вазняк патлумачыла:

– У нас з кожным сельгаспрадпрыемствам раёна падпісаныя дагаворы на пастаўку малочнай прадукцыі. Пішуць заяўку, што хочуць набыць тую ці іншую прадукцыю у лік сыравіны, што пастаўляецца на завод. Мы абавязаныя сельгаспрадпрыемствам адпусціць яе. Як у гаспадарках распараджаюцца малочнай прадукцыяй, гэта ўжо іх справа. 

Па каментар таксама звярнуліся да галоўнага прававога інспектара працы Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Кірыла Азаранкі:  

– У артыкуле 74 Працоўнага кодэкса Беларусі напісана: “Заработная плата выплачваецца ў грашовых адзiнках Рэспублiкi Беларусь. Са згоды работніка дапускаецца замена грашовай аплаты цалкам або часткова натуральнай аплатай. Натуральная аплата ўзамен грашовай павінна быць прыдатнай для асабістага спажывання і выгаднай для работніка і яго сям’і”.

Самая галоўная ўмова: калі наймальнік атрымаў згоду працаўніка, то гэтыя дзеянні лічацца законнымі. Калі наймальнік не атрымаў згоду, прычым з кожнага, і фактычна выдаў натуральнай аплатай частку зарплаты, то яго дзеянні супярэчаць артыкулу 74 Працоўнага кодэкса.

Ці паступаюць падобныя звароты з Міншчыны?

– Так. Да пісьмовых зваротаў не даходзіла, але людзі тэлефануюць. Ёсць выпадкі, што працаўнікі нязгодныя, што ім навязваюць натураплату. Звяртаемся да наймальнікаў, на якіх скардзяцца, тлумачым заканадаўства, і тыя вымушаны ісці насустрач людзям.

Калі членам прафсаюзаў АПК патрэбныя кансультацыі па падобнай праблеме, то могуць звяртацца да Кірыла Азаранкі па нумары ў Мінску (8017) 327-26-95.