Былы міліцыянер з Ашмянаў Часлаў Шукеловіч успамінае, як служыў у зоне ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. 

Рудакова, Савічы, Стралічава, Піркі, Пасудава, Бабчын, Сонечнае. Назвы гэтых населеных пунктаў Гомельшчыны не здольны сцерці з яго памяці нават час, хаця ўжо дваццаць восем год прайшло з той пары, калі 22-гадовы міліцыянер, памочнік дзяжурнага Ашмянскага аддзела ўнутраных спраў, у складзе зводнага атрада з Гродзенскай вобласці прыбыў у чарнобыльскую зону.

На календары быў 1988 год і Чарнобыль ужо вёў адлік сваіх ахвяр, але страшна не было. Поўнае ўсведамленне таго, што там, у абнесенай калючым дротам трыццацікіламетровай зоне адчужэння, адбылося, прыйдзе пасля… Калі напомніць аб сабе апраменены арганізм, калі з’явіцца на свет у маладой сям’і доўгачаканы першынец, калі адзін за адным пойдуць з жыцця сябры-калегі, з якімі неслі разам службу ў зоне.

Аб накіраванні ў зону ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Часлаў Шукеловіч даведаўся ў міліцэйскім калектыве першым. Яму, як дзяжурнаму, прыйшлося ўласнаручна прымаць тую злашчасную тэлеграму. Запытанне, ці можна было не паехаць у зону, яго нават зараз бянтэжыць.

— Пэўна, можна было. Гэта ж не прысуд. Ну, звольніўся б з органаў, уладкаваўся б у другім месцы. Але аб гэтым нават і не думалася. Мне, маладому члену партыі, такая думка нават у сне не магла прыйсці. Усе едуць, а я што – горшы за іншых!?”

Першы інструктаж з хлопцамі правялі ў Гродне, аднак тыя патрабаванні ўсур’ёз ніхто не ўспрыняў – жартавалі, смяяліся з “нябачнага ворага-забойцы”. Трывожныя ноткі пасяліліся ў душы, калі ў Хойніках да гродзенцаў прыйшоў палкоўнік і шчыра, папросту пачаў тлумачыць, што такое радыяцыя, якія меры неабходна прымаць, каб засцерагчы сябе ад заражэння. “Беражыце сябе, хлопцы,” – па-бацькоўску, з нотай шкадавання вымавіў ён на развітанне.

У Бабчынскую школу, дзе размяшчаўся атрад аховы, прывезлі хлопцаў ноччу. Стаяла густая, непраглядная цемра – нідзе ні агеньчыка.

Адразу ж строга папярэдзілі, што хадзіць можна толькі па сцяжынах, адзначаных чырвонымі сцяжкамі, – яны апрацаваныя ад радыяцыі.

Форму, у якой прыехалі “навічкі”, запакавалі ў цэлафанавыя мяшкі і сказалі без патрэбы не развязваць. Адразу ж выдалі новае абмундзіраванне. У населеных пунктах па маршруце аўтапатруля было загадана нічога рукамі не чапаць, не падыходзіць блізка да стагоў з сенам і саломай, з сабой нічога не браць.

Часлаў Шукеловіч служыў у саставе аўтапатруля. У атрадзе былі хлопцы з усяго Саюза. Усе маладыя. Шмат было курсантаў міліцэйскіх навучальных устаноў: з Пскова, Львова, Вільнюса.

Трыццацікіламетровая зона жыла сваім жыццём. Бязлюднай яна здавалася толькі напачатку. Час ад часу з’яўляліся на няходжаных дарогах людзі і тэхніка. Аднаго разу затрымалі “калхіды”, гружаныя сенам, з Мінскай вобласці. Усё, як мае быць, нават з пуцявымі лістамі. Тое сена, якое везлі на ферму пад Мінск, ад радыяцыі “свяцілася”. Шмат было здзічэлых кошак і сабак.

Трапляліся на шляху аўтапатруля і ваўкі. Аднаго з іх хлопцы нават спрабавалі прыручыць, даўшы зверу мянушку Марадзёр.

Зона палохала і цягнула да сябе. Мурашкі беглі па скуры, калі міліцыянеры наведвалі пасёлак Сонечнае. Амаль два гады прайшло са дня трагедыі, а ў адчыненых кватэрах новых прыгожых шматпавярховікаў, здавалася, жыццё прыпынілася толькі на імгненне. На сталах стаялі непрыбраныя талеркі, у спальнях з навюткімі гарнітурамі чакалі гаспадароў незапраўленыя ложкі. Канешне, многія кватэры былі разрабаваныя. Пазрываныя дываны, разбіты падчас набегаў посуд.

Адразу ў галаве паўставалі разгубленыя твары маладых гаспадароў з маленькімі дзецьмі, якіх экстранна прымусілі пакінуць сваё жытло.

Пасёлак Сонечнае быў узведзены ў 1981 годзе, разам з сучасным жывёлагадоўчым комплексам, разлічаным на тры тысячы галоў. Меркавалася, што на комплексе будуць працаваць камсамольцы, маладыя спецыялісты. А жыць моладзь будзе ў прыгожым пасёлку з гандлёвым цэнтрам, Домам культуры, школай і добраўпарадкаванымі шматкватэрнымі дамамі. Задуманае было ажыццёўлена ў час. Дзяржава ўклала ў камсамольскую будоўлю больш за 26 мільёнаў рублёў: тады гэта былі велізарныя грошы. Аднак ужо праз пяць год на пасёлку з жыццясцвярджальнай назвай быў пастаўлены крыж – саўгас ліквідаваны, пасёлак кінуты на разрабаванне і волю стыхіі. Той комплекс будаваўся каля вёскі Піркі Брагінскага раёна – у будучай 30-кіламетровай зоне адсялення.

Чаславу часта прыходзілася сустракацца з марадзёрамі, якія вывозілі з зоны чужы скарб, а разам з ім і сотні-тысячы мікрарэнтген – дазіметры зашкальвалі. Пасля аднаго з затрыманняў маладога міліцыянера адпусцілі на пабыўку дамоў. Тады ён не мог напіцца ў родных Амалянах калодзежнай вады. Чыстая, халодная, яна апякала нутро, а смага не праходзіла.

У зоне з пітной вадой быў дэфіцыт: яе выдавалі не больш за літр, часцей прывозілі салодкія напоі “Бураціна” і “Дзюшэс”, можна было яшчэ наліць у фляжку чаю, але ад гэтага піць хацелася яшчэ больш.

Дамоў Часлаў Шукеловіч прыязджаў у спецформе, шэрай і добра вядомай многім беларусам. На яго звярталі ўвагу. У Мінску на вакзале падазрона глядзелі пасажыры. У аўтобусе на Брагін ён яшчэ больш гэта адчуў, было ніякавата, ён увесь сцяўся і разгубіўся адначасова, калі людзі пабаяліся сесці побач – быццам бы ён выпраменьваў радыяцыю і “свяціўся”, як тады казалі.

З кароткага таго адпачынку Часлаў прывёз з сабой касетны магнітафон “Электроніка”. Невядома адкуль знайшліся баян і гітара. У вольны ад дзяжурства час хлопцы арганізоўвалі для сябе канцэрты.

Побач з зонай, часам праз дарогу ад калючага дроту, жылі людзі. Адносіны ў спецатрада з мясцовымі жыхарамі складваліся паважлівыя: у бядзе не было чаго дзяліць, як і не было каго вінаваціць у тым, што здарылася. Хлопцы разумелі і шкадавалі людзей, якія наведваліся ў родныя мясціны. Часта нават прапускалі іх за шлагбаум.

Аднойчы ўжо ў самой зоне Часлаў з напарнікам “злавіў” бабульку. Прыйшла яна на могілкі. Тады яшчэ на Радуніцу не было дазволу наведваць месцы пахаванняў. Тую бабулю міліцыянеры нават адвезлі на мясцовы пагост, а пасля яшчэ жанчына ўгаварыла іх пад’ехаць да сваёй хаты.

Па родным куце галасіла старая, як па нябожчыку, не магла адарвацца ад ужо здзічэлых ад гора і адзіноты сцен. Той бабулі яны аддалі ўвесь запас тушонкі. На развітанне яна папрасіла хлопцаў запісаць на абрыўку газеты свае імёны, каб паставіць свечку ў царкве і памаліцца за здароўе.

– Можа Бог і беражэ мяне праз тую бабульку, – прызнаецца Часлаў. – Многія мае напарнікі ўжо пайшлі з жыцця. Неяк у Акадэміі МУС я сустрэў свайго таварыша – яшчэ зусім маладога – у інваліднай калясцы. Няма ўжо і майго аднавяскоўца Івана Маркоўскага.

Пра сваё здароўе мужчына гаварыць не любіць, хаця тыя тры месяцы ў зоне яго падарвалі цалкам. “Ліквідатары” знаходзіліся там месяц, а яму “пашанцавала” – атрад з Расіі прыйшлося чакаць лішніх 60 дзён. Праўда, на медыцынскай камісіі, якую праходзілі хлопцы пасля вяртання дамоў, усё аказвалася ў норме. А справа ў тым, што яшчэ ў ліпені 1986 года Міністэрства аховы здароўя СССР выдала “хітрае” распараджэнне, якім засакрэчваліся ўсе звесткі на ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы. Звязваць іх хваробы са знаходжаннем у 30-кіламетровай зоне катэгарычна забаранялася.

Сёння Часлаў Шукеловіч ён узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю службы аховы, у складзе якой 12 “ліквідатараў”, восем – у Ашмянах, чатыры – у Астраўцы.

Разам з жонкай Святланай працуе на Ашмянскім участку прадпрыемства “Гродновторчермет”, што на Станцыі Ашмяны.

Ноччу яму часта сніцца Чарнобыль. Верталёты завісаюць над саркафагам і заліваюць у чэрава чацвёртага рэактара АЭС бетонную масу. Гэтую карціну хлопцы на яве маглі назіраць падчас нясення службы ў зоне. Клапан звычайна спрацоўваў каля дванаццаці гадзін дня. І калі яны знаходзіліся непадалёку ад электрастанцыі, з усёй моцы націскалі на газ і імчалі прэч.

Так яны тады, наіўныя, спрабавалі ўцячы ад радыяцыі.

Аліна САНЮК, osh.by