Чэмпіянат Беларусі па футболе ў першай лізе стартаваў 16 красавіка.

 “Смаргонь” у гасцях гуляла з “Зоркай-БДУ” са сталіцы. У гэтым матчы шасцёра футбалістаў  “Смаргоні” дэбютавалі ў першай лізе.

У першым тайме гледачы галоў не ўбачылі. У пачатку другога тайма гаспадары выйшлі наперад.

Смаргонцы змаглі адыграцца на 84-й хвіліне.  Пры розыгрышы вуглавога мяч трапіў у штангу,  і Аляксандр Дземідовіч з блізкай адлегласці закалаціў  яго ў сетку.

– Гульня атрымалася стандартнай для дэбютнага афіцыйнага матча. Багацце барацьбы, куча адзінаборстваў і вялікая колькасць браку. Абедзве каманды дастаткова маладыя, таму эмоцыі зашкальвалі. Думаю, што вынік заканамерны, – прыводзіць словы галоўнага трэнера “Смаргоні” Мікалая Рындзюка афіцыйны сайт клуба.

ФК “Ашмяны” стартавалі ў першай лізе матчам у  гасцях з “Лідай”. Ужо на сёмай хвіліне ашмянцы прапусцілі гол. І да канца матча лік не змяніўся: 1:0 на карысць “Ліды”.

 Відэа з сайта www.fc-smorgon.by

У Мядзеле зборная святароў і парафіян абыграла каманду райвыканкама

У Мядзельскім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры 20 красавіка прайшоў таварыскі матч па міні-футболе. Гулялі каманды райвыканкама і зборная святароў і парафіян рыма-каталіцкай канфесіі. Сярод парафіян былі і гульцы, якія выступалі ў чэмпіянаце раёна па міні-футболе.

Першы тайм завяршыўся з лікам 5:0 на карысць зборнай святароў і парафіян. А выніковы лік 13:0.

– У каманды райвыканкама было толькі пару момантаў, і тыя ліквідаваў варатар сапернікаў. Каманда святароў узяла рэванш за пройгрыш у матчы, які прайшоў некалькі год таму, – расказвае дырэктар цэнтра Андрэй Русак. – Такія сустрэчы будуць працягвацца.

Начальнік Вілейскага райаддзела – лепшы ў настольным тэнісе

У Беразіно 15 красавіка прайшлі фінальныя спаборніцтвы чэмпіянату Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях па настольным тэнісе сярод  начальнікаў райадзелаў.

У фінале гулялі начальнік Вілейскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Яхімовіч і Капыльскага – Віталь Ільючык. Ва ўпартай барацьбе пераможцам стаў Аляксандр Яхімовіч.

Пра гэта паведамілі з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Аляксандр Яхімовіч. Фота раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Аляксандр Яхімовіч. Фота раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

У Мядзеле сапернічалі тэнісісты і шахматысты

У райцэнтры прайшлі спаборніцтвы па настольным тэнісе і шахматах у межах круглагадовай спартакіяды сярод працоўных калектываў.

У настольным тэнісе перамагла каманда санаторыя “Белая Русь”. На другім месцы – прадстаўнікі Мядзельскай ЖКГ, на трэцім – НДЦ “Зубраня”.

А ў спаборніцтвах па шахматах мацнейшым быў Сяргей Баброўка з каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму. На другім месцы – Мікалай Дудкоў (Слабадскі сельсавет), на трэцім – Генадзь Жукоўскі (Энерганагляд), расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леанід Шыдлоўскі.

У кросе беглі вучні

У Мядзеле прайшоў раённы лёгкаатлетычны крос сярод школьнікаў. У групе “А” перамаглі  вучні Мядзельскага ясляў-сада–сярэдняй школы, на другім месцы – Мядзельскай СШ №1, на трэцім – гімназіі-інтэрната.

У групе “Б” лепшыя вынікі ў бегуноў з Будслаўскай школы. Далей размясціліся каманды Занарацкай і Сырмежскай СШ.

На адной пляцоўцы гулялі бацькі і дзеці

У межах абласнога бацькоўскага сходу у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры прайшоў таварыскі матч. Гулялі каманды мядзельскай сярэдняй школы №1 і ясляў-сада–сярэдняй школы. На пляцоўцы у кожнай камандзе павінны былі быць трое дзяцей і двое бацькоў, расказаў дырэктар цэнтра Андрэй Русак. Упэўнена перамагла каманда СШ №1.