За гандлёва-эканамічным каледжам пабудуюць дзевяціпавярховы дом.

Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказаў намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Вадзім Цар:

– Дзевяціпавярховы дом на 54 кватэры плануецца здаць у студзені 2017 года. Дом будуецца долевым спосабам.

Гэта значыць, што людзі, якія жадаюць набыць кватэру ў гэтым доме, заключаюць дагавор і цягам будаўніцтва выплачваюць поўны кошт жылля. Пры гэтым, перад тым як заключыць дагавор з людзьмі, 15% будаўніцтва адбываецца за кошт заказчыка – упраўлення капітальнага будаўніцтва.

Жыхары суседняга дома ў двор тэхніку не пускаюць

Жыхары дома №60 па вуліцы Вялікі Гасцінец абураныя тым, што ў іх пад вокнамі вырасце 30-метровы дом.

Ужо сёння, кажуць яны, у двары немагчыма ні пагуляць дзецям, ні падыхаць паветрам пенсіянерам, ні высушыць памытую бялізну.

У рэдакцыю газеты звярнулася мясцовая жыхарка Тамара Аляксандраўна:

– Мы абураныя тым, што з нашым меркаваннем мясцовыя ўлады нават не вырашылі патрэбным лічыцца. Мы два тыдні бунтуем.  Ці нар­мальна гэта, калі 92-гадовая жыхарка дома выходзіць на вуліцу, каб перагарадзіць дарогу тэхніцы?

Тамара Аляксандраўна расказала “Рэгіянальнай газеце”, што ў сувязі з будаўніцтвам сметніцу з двара рабочыя перасунулі акурат пад вокны жыхароў першага пад’езда.

– А хутка пацяплее, вы ўяўляеце, як мы бу­дзем дыхаць гэтым паветрам?

Скардзяцца жыхары і на адсутнасць месцаў для паркоўкі ў двары, а таксама на тое, што дзецям цяпер няма дзе пагуляць.

– Тут не толькі дзеці гулялі, сюды прыходзілі маладыя людзі займацца спортам, тут жа ўсё для гэтага было: пляцоўка, турнікі. Памятаю, сам тут у маладосці займаўся, а цяпер – унук, – распавядае жыхар дома Валянцін Аляксандравіч. –  Нам кажуць, што парк пад бокам. Але да парку не кожны дойдзе. Ды і такой пляцоўкі, як была ў нашым двары, паблізу нідзе няма.

Жыхар Руслан прыгадвае, што з просьбай пабудаваць у двары паркоўку хаця б на некалькі месцаў звярталіся да мясцовых уладаў неаднойчы.

– Адказ адзін: няма грошай. А нам машыну паставіць няма куды. Былі і з гэтым праблемы. Гаспадар крамы, што месціцца ў нашым доме, неаднаразова выклікаў ДАІ, калі нехта паркаваўся на стаянцы магазіна. Мы нават не супраць гэтага дома, ну што ж зробіш, калі так вырашылі, але можна ж і да нас па-чалавечы паставіцца?

На момант напісання матэрыялу жыхары збіраюць подпісы і думаюць ісці да старшыні Маладзечанскага райвыканкама, каб той разабраўся ў складанай сітуацыі, у яны якой апынуліся.

Вадзім Цар на пытанне пра прэтэнзіі жыхароў адказаў:

– Гэтыя пытанні можна вырашыць цягам аднаго дня. Сметніца блізка да  пад’езда – дык можна яе перасунуць. Дзецям гуляць няма дзе? А як жа парк, які насупраць?

9-павярхоўка ў цэнтры – гэта архітэктурны акцэнт

Дзевяціпавярхоўка, якая ўжо ў лістападзе вырасце па Вялікім Гасцінцы, 60-а, адзіны вышынны будынак сярод чатырохпавярховых дамоў.

Як гэты дом упішацца ў архітэктуру горада, запыталіся мы ў начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Маладзечанскага райвыканкама Святланы Хрусталёвай.

– Будаўніцтва дзевяціпавярховага дома прадугледжанае дэталёвым праектам цэнтральнай часткі горада. Дом па Вялікім Гасцінцы стане пунктам акцэнту. Тут жа непадалёк месціцца 12-павярховы будынак гасцініцы і АТС. Такімі пунктамі-акцэнтамі, акрамя  гэтага дома, стануць дамы па вуліцы Валынца, дзе быў дзіцячы садок, у двары па вуліцы Прытыцкага, на вуліцы Машэрава.

Згодна з нарматыўнымі дакументамі (Тэхнічны кодэкс існуючай практыкі), мінімальныя адлегласці паміж жылымі, сумежнымі будынкамі і будынкамі на тэрыторыі жылой забудовы не рэгламентуюцца.

Жылыя шматкватэрныя, у тым ліку і шматпавярховыя, дамы могуць размяшчацца паралельна адзін аднаму на невялікай адлегласці пры ўмове захавання супрацьпажарных правілаў  і нормаў па інсаляцыі (апраменьванне паверхняў сонечным святлом) і асветленасці.

Адносна незадаволеных жыхароў суседніх дамоў, Святлана Хрусталёва тлумачыць, што па гэтым будаўніцтве яшчэ ў 2010 годзе прайшлі грамадскія абмеркаванні і тыя, хто хацеў, мог уносіць свае прапановы.

– Тады інфармацыя па абмеркаванні доўгі час была апублікаваная на сайце райвыканкама, пра гэта пісалі газеты і здымала сюжэт тэлебачанне. У нас захоўваюцца ўсе пратаколы той сустрэчы.

Яшчэ адно пытанне тычылася таго, ці могуць жыхары дамоў адчуваць сябе ў бяспецы, калі побач ідзе будаўніцтва. І вышынныя краны працуюць акурат пад вокнамі:

– Гэта часовыя нязручнасці, трэба пацярпець. Вядома, усе меры па бяспецы будуць прынятыя. Будзе працаваць і тэхнагляд, і аўтарскі нагляд.

Святлана Хрусталёва тлумачыць, што новабудоўлі ў цэнтры горада – гэта адзінае выйсце:

– Ніхто нам не дазваляе будаваць на сельскагаспадарчых землях, а ў межах горада ўжо амаль не засталося незабудаваных плямаў. Таму і застаецца толькі будаваць дамы, згодна з планам ушчыльнення гарадоў.

Сёння на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаіць каля 11 000 маладзечанцаў.

– А ў новых дамах прадугледжаныя кватэры і для сямей, якія стаяць на чарзе, – кажа Святлана Хрусталёва.