Дзень народзінаў “Рэгіянальнай газеты” зусім блізка: 28 красавіка нам споўніцца 21 год. Мы запрашаем вас, нашых чытачоў, да нас у госці! 

Сустрэцца з намі можна 29 красавіка наўпрост каля рэдакцыі “РГ”. Хто забыўся, як нас знайсці: Вялікі Гасцінец, 68а, адразу за СШ №6.

Гэта не будзе тыповае святкаванне. Мы запрашаем усіх ахвотных далучыцца да фры-маркету.

Фры-маркет

Ідэя яго ў тым, што вы прыносіце з сабой рэчы, якія вам непатрэбныя. Якія шкада выкінуць, але вы імі ўжо даўно не карыстаецеся. Яны могуць быць патрэбныя камусьці іншаму. Гэта падобна да своеасаблівага рынку. Толькі тут – ніякіх грошай. Вы аддаяце гэтыя рэчы таму, хто захоча іх узяць, каб карыстацца. Удзельнічаць могуць усе. Хтосьці ў ролі “гандляра”, а хтосьці – “пакупніка”.

Мы арганізуем тут жа, побач з рэдакцыяй, магчымасць пагуляць у розныя гульні, памаляваць, уключым музыку, каб было весялей. Карацей, зладзім сапраўднае свята.

Фры-маркет пачнецца ў 12:00. Будзе цягнуцца столькі, наколькі ў удзельнікаў хопіць імпэту. Але плануем завяршыць не пазней, чым у 16:00.

Майстар-клас

Пасля фры-маркету мы ладзім майстар-клас ад спецыялістаў Цэнтра экалагічных рашэнняў “Інтэрактыўная майстэрня – 0 адыходаў”. Ён пачнецца ў 15:30 і будзе цягнуцца да 17:00. Абяцаем, што ён не будзе нудным і вам не давядзецца сумаваць.

Квэст

Пасля гэтага мы ладзім квэст. Галоўны прыз – ровар. Ён пачнецца ў 17:30 каля рэдакцыі “РГ”. Як заўсёды, у квэсце будуць цікавыя заданні, у якіх вы зможаце праверыць сваю эрудыцыю, логіку і знаходлівасць. Удзельнічаць у ім можна як на ровары, так і пешшу. 

Хто атрымаў у падарунак ад “РГ” ровар і на якое пытанне адказаў пераможца (Шмат фота)

Каб паўдзельнічаць у майстар-класе альбо квэсце, неабходна загадзя зарэгістравацца. Патэлефануйце нам у рэдакцыю па нумары: (8-0176) 76-96-67. Альбо напішыце на пошту regionnews@rh.by, але абавязкова пакіньце свой нумар для сувязі.

Ну і калі вам проста хочацца ўбачыць, хто для вас кожны дзень піша навіны, прыходзьце! Мы будзем рады з вамі пазнаёміцца!