Упершыню ў гісторыі прыз лепшаму гульцу матчу чэмпіянату Еўропы па футболе будзе ўручаць заўзятар з Беларусі. І гэта наш зямляк, настаўнік Леанід Краўчонак з курортнага пасёлка Нарач (Купа).

Заслужыў ён гэта права перамогай у творчым конкурсе “Мабыць, лепшы заўзятар Беларусі”, які праводзілі pressball.by сумесна са спонсарам. У конкурсе Леанід абышоў каля чатырохсот заўзятараў з Беларусі.

Галоўным прызам стала пуцёўка на матч чэмпіянату Еўропы па футболе, у якім 15 чэрвеня ў французскім Лілі згуляюць каманды Расіі і Славакіі. Пераможца таксама ўручыць прыз лепшаму гульцу матчу.

Леанід раскажа, як яму ўдалося даказаць песімістам, што ў такіх конкурсах мажліва перамагчы, і чаму заданне станцаваць ледзьве не выбіла яго з удзелу.

Разам з ім танцавалі і вучні, і настаўнікі

Леанід ні хвіліны не сумняваўся, ці ўдзельнічаць у конкурсе. Як толькі ўбачыў яго рэкламу, адразу ж зарэгістраваўся. Бо хто з сапраўдных заўзятараў упусціць магчымасць пазмагацца за такі прыз.

На першым этапе ўдзельнікі размяшчалі здымак на сайце “Прэсбола” з невялікім подпісам пра сябе. Трэба было патрапіць у дзесятку першых па выніках галасавання, што Леаніду ўдалося.

Наведнікі сайта выбіралі і заданне для паўфінала. Яны прагаласавалі за такое: прыдумаць і выканаць танец спартыўнага заўзятара, зняць гэта ўсё на відэа. Якраз гэта заданне нарачанцу вельмі не падабалася. Леанід нават засумняваўся, ці варта ўдзельнічаць далей:

– Таму што, яшчэ з маладых гадоў вельмі саромеўся, што зусім не ўмею танцаваць, і запрасіць дзяўчыну на танец было для мяне вялікай праблемай, –  тлумачыць ён. – Але вырашыў працягнуць барацьбу, бо інакш падвёў бы людзей, якія за мяне прагаласавалі ў першым туры.

І ролік з’явіўся. У ім Леанід прыгадаў гісторыю, як ён хацеў трапіць у  валанцёры на Алімпійскія гульні-80, але зламаў нагу, гуляючы ў футбол. Тады мара не споўнілася. Затое ў памяці засталася спартыўная мелодыя таго часу, пад якую спрабаваў танцаваць з кастылём. А цяпер пад яе танцаваў не толькі ён сам, а і вучні і педагогі  Нарацкай сярэдняй школы №2.

Як вынік, відэа стала пераможцам танцавальнага этапу. Працавала над ім цэлая каманда. Таму Леанід шчыра дзякуе ўсім калегам і асабліва намесніку дырэктара па выхаваўчай працы Таццяне Куцко, вучням, якія на канікулах не пашкадавалі часу і прыйшлі ў школу для запісу роліка, выпускніку Мікіту Вайцяшонку, які манціраваў відэаролік.

У фінале спатрэбілася ўжо дапамога дырэктара Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага  цэнтра “Зубраня” Надзеі Ануфрыевай і тамтэйшага відэааператара Івана Маліноўскага: на стадыёне цэнтра здымалася відэа для фіналу. У ім трэба было паказаць, чаму прэтэндэнт лічыць сябе лепшым заўзятарам.

 У роліках Леанід агітаваў за спорт і па-беларуску, і па-англійску – ён выкладае гэту мову ў школе.

 У фінал выйшлі два ўдзельнікі. Леанід зноў жа выйграў галасаванне наведнікаў сайта – за яго прагаласавалі больш за тры тысячы чалавек. Але за яго саперніка выказалася журы. У выніку зафіксавалі нічыю і аб’явілі суперфінал.

У ім два прэтэндэнты ў Мінску адказвалі на пытанні з гісторыі футбола. Леанід з імі справіўся бліскуча: нават хвіліну на роздум не браў і адказваў адразу. А пытанні былі няпростыя. Паспрабуйце, напрыклад, прыгадаць прозвішча югаслаўскага футбаліста, які адкрыў лік у фінальным матчы з камандай  СССР на чэмпіянаце Еўропы 1960 года?

У выніку нарачанец перамог з лікам 6:2. 

Леанід Краўчонак лічыць, што поспех залежыць толькі ад нас саміх.  Фота Руслана Шафіева.

Леанід Краўчонак лічыць, што поспех залежыць толькі ад нас саміх. Фота Руслана Шафіева.

Піша вершы на кожны матч Азаранкі

Леанід Краўчонак прыгадвае, што актыўна займаўся футболам і баскетболам толькі ў маладосці, дзесьці да трыццаці год. Цяпер жа пра гэта толькі ўспамінае з настальгіяй і гуляе ў шахматы.

За тое шчыра перажывае за беларускіх спартсменаў: у футболе, тэнісе ды іншых відах. Ад душы радуецца, калі яны перамагаюць:

– Тады хочацца жыць, працаваць, любіць, кахаць. І не здавацца ні ў якой сітуацыі – нават тады, калі, здаецца, усё супраць цябе.

Жонка з цягам часу скарылася з яго захапленнем, а дзве дарослыя дачкі-двайняткі самі цікавяцца тэнісам.

Акрамя футбола і тэніса, Леанід вельмі любіць паэзію. Шмат піша пра спорт. На кожны матч тэнісісткі Вікторыі Азаранкі больш за чатыры гады піша адзін-два вершы. Апошнім часам размяшчае іх у яе групе падтрымкі “Укантакце”. Вельмі быў засмучаны, што не змог патрапіць на сустрэчу тэнісісткі з беларускімі заўзятарамі, якая прайшла некалькі дзён таму ў Мінску.  Але яго радкі, прысвечаныя Вікторыі, на гэтай сустрэчы прагучалі з вуснаў сяброў яе групы падтрымкі.

Вікторыя – не толькі спартыўны кумір Леаніда. Для яго, кажа, яна ўжо як трэцяя дачка:

–  За чатыры апошнія гады не прапусціў ніводнага яе матча ў прамым эфіры, у які б час ён бы ні адбываўся. Хоць Вікторыя нашмат маладзейшая за мяне, менавіта ад яе вучуся, як не падпарадкоўвацца абставінам, а кожную хвіліну ісці насустрач сваёй мары.

– Пра сваю перамогу на конкурсе ці будучы чэмпіянат Еўропы ці з’явіліся вершаваныя радкі?

–  Абавязкова з’явяцца, але крыху пазней. Ад паездкі на чэмпіянат чакаю вельмі прыемных уражанняў. Дужа цікава будзе акунуцца ў атмасферу галоўнага еўрапейскага футбольнага форуму. Чакаю знаёмстваў з новымі людзьмі, сустрэчы з любімымі футбалістамі.

“Хто, калі не я?”

Конкурс прымусіў Леаніда не толькі станцаваць, але і пацвердзіў яго жыццёвае крэда:

– Адным з маіх галоўных крэда ў жыцці заўсёды былі словы “Хто, калі не я?”  Усё жыццё выхоўваю вучняў менавіта ў такім накірунку. Патрэбна ставіць перад сабой вялікія мэты і рабіць усё магчымае дзеля іх здзяйснення. Поспех залежыць толькі ад нас саміх. Яшчэ раз у гэтым пераканаўся, калі перамог у конкурсе. Хтосьці са знаёмых пераконваў мяне: “Навошта марнуеш сілы і час, у такіх конкурсах усё куплена, ну, немагчыма ў іх перамагчы”.  Мяркую, што  змог даказаць адваротнае.

Відэа з канала PressballTV на youtube.com