Ад 24 да 30 красавіка па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў краінах Еўрапейскага рэгіёну праводзіцца Еўрапейскі тыдзень імунізацыі.
Ён накіраваны на павышэнне інфармаванасці аб прафілактычных прышчэпках.
У Маладзечанскім раёне ў значнай меры дзякуючы вялікаму ахопу прафілактычнымі прышчэпкамі летась не рэгістраваліся дыфтэрыя, коклюш, адзёр, эпідэмічны паратыт, краснуха, поліяміэліт, слупняк.
У межах Еўрапейскага тыдня імунізацыі педыятары, тэрапеўты і дактары іншай спецыялізацыі будуць праводзіць кансультацыі па пытаннях прафілактычных прышчэпак. Гэтай магчымасцю можа скарыстацца любы жыхар горада і раёна.
Дактары-эпідэміёлагі кансультацыю будуць праводзіць ад 25 да 29 красавіка ад 8:00 да 9:30 і ад 17:00 да 18:00. Можна прыйсці ў кабінет № 15 цэнтра гігіены і эпідэміялогіі па вуліцы Чкалава 2а, або па тэлефоне (80176) 54-28-57.
Тэма сёлетняга тыдня – “Ліквідаваць праблемы ў імунізацыі”.
Вакцынацыя – гэта ўвядзенне ў арганізм антыгенаў, якія ўспрымаюцца імуннай сістэмай як узбуджальнікі інфекцыйнага захворвання з развіццём імуннага адказу. Імунны адказ спрыяе выпрацоўцы антыцелаў, якія нейтралізуюць ўзбуджальнік, калі той трапляе ў арганізм прышчэпленага. З-за гэтага захворванне не ўзнікае ці, калі ўсё ж узнікае, то працякае ў лёгкай форме.
У адпаведнасці з Законам “Аб ахове здароўя”, паўнагадоваму пацыенту прышчэпку робяць пасля яго згоды, непаўнагадоваму – пасля згоды бацькоў ці прадстаўнікоў. Пацыентаў знаёмяць з тым, для чаго гэтая прышчэпка, якія вынікі яна дасць і якія ёсць рызыкі.
Пацыент не менш за 30 хвілін пасля вакцынацыі павінен знаходзіцца каля кабінета пад медыцынскім наглядам. Тады ў выпадку развіцця рэакцыі неадкладнага тыпу, напрыклад, анафілактычнага шоку, яму акажуць экстранную медыцынскую дапамогу.
Абавязковая ўмова дзейснасці прышчэпкі і яе ахоўнага эфекту – масавасць імунізацыі. Пры гэтым неабходна захоўваць збалансаваны падыход да імунапрафілактыкі. Інтарэсы грамадства павінны быць узгодненыя з інтарэсамі кожнага канкрэтнага чалавека.