Аварыя, якая адбылася 30 гадоў таму на Чарнобыльскай АЭС, з’яўляецца самай буйной катастрофай сучаснасці. Беларусь была аб’яўлена зонай нацыянальнага экалагічнага бедства, дзе 23% тэрыторыі апынуліся забруджанымі даўгавечнымі радыёнуклідамі.

Праз 30 гадоў радыяцыйная абстаноўка Беларусі істотна палепшылася. Частка “чарнобыльскіх” радыёнуклідаў у сумарнай дозе апраменьвання ў Беларусі цяпер не перавышае 5%.

У Маладзечанскім раёне да зоны радыеактыўнага забруджвання былі аднесеныя 14 населеных пунктаў Хоўхлаўскага сельскага савета. Але радыёнукліды, якія забруджваюць глебу, маюць фізічную ўласцівасць распадацца. Адпаведна іх актыўнасць памяншаецца, зніжаецца і доза апрамянення.

Напрыклад, у такога радыенукліду як цэзій-137 перыяд паўраспаду – 30 гадоў, у стронцыю-90 – 29 год. Абодва гэтыя радыенукліды напалову распаліся, шчыльнасць забруджвання глебы паменшылася, таму сем вёсак сёлета былі выведзеныя з зоны радыеактыўнага забруджвання.

Каб забеспячыць патрабаванні радыяцыйнай бяспекі, спецыялісты цэнтра штогод праводзяць маніторынг. З прыватных падворкаў і вытворчага сектара даследуюць сельскагаспадарчую прадукцыю: гародніну, малако, садавіну. Уся доследная прадукцыя не перавышала дапушчальных узроўняў.

Разам з тым, у дзікарослай прадукцыі застаецца цэзій-137, гэта тычыцца грыбоў і ягад.

Заражаныя грыбы, ягады на даследаванні прывозілі з Вілейскага раёна з вёсак Талуць, Іжа, Чарчонава, Хаценчыцы, Вязынь, са Смаргонскага, Валожынскага раёна і з Хоўхлава на Маладзечаншчыне.

За пяць апошніх гадоў спецыялісты цэнтра даследавалі 2 796 узораў, сярод якіх прадукты, дзікарослая і лекавая сыравіна, драўняныя адходы. Уся прадукцыя адпавядала дапушальнаму ўзроўню, акрамя дзікарослай. Радыяцыйнае становішча цягам 300 гадоў будуць вызначаць даўгавечныя радыёнукліды.