Яна разлічаная на 1800 кароў. Ферму плануюць размясціць паміж вёскамі Нарач (Кабыльнік) і Швакшты. Да возера Нарач – каля шасці-сямі кіламетраў.

У вёсцы Нарач 13 красавіка адбыўся папярэдні сход па абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе аб’екта.

– Сход прайшоў у фармаце пытанне-адказ. Быў добра арганізаваны, гэта пра многае гаворыць, – ацаніў рэгіянальны каардынатар грамадскай экалагічнай інспекцыі “Зялёны дазор” Ігар Пастухоў. – Падчас сустрэчы ўсплыло шмат дробных заўваг, якія лёгка выправіць. Што датычыць больш глабальных пытанняў, яны патрабуюць дэталёвай дапрацоўкі.

Камень спатыкнення – у самой пляцоўцы, лічыць Ігар Пастухоў:

– Бо ферму плануюць пабудаваць на сетцы вадасцёкаў: чатырох меліярацыйных каналаў, якія спалучаюцца з ракой Малінаўка. А яна звязваецца праз сістэму вадасцёкаў з азёрамі Свір і Нарач і ўскосна з возерам Вішнева, – тлумачыць ён.

–  На мой погляд, і, думаю, калегі са мной пагодзяцца, – сам праект патрэбны і карысны, але проста не ў тым месцы ферму думаюць рабіць. Ачышчальныя збудаванні там будуць і, сцвярджаюць, што самыя сучасныя. Але чалавечы фактар не выключаны. Калі дзесяць год усё будзе выдатна працаваць, але раптам у адзін дзень у выніку чалавечага фактару гнаявая жыжа трапіць у раку?!  Ці не лепш выключыць гэты фактар: проста пабудаваць ферму ў бяспечным месцы, па-за вадасцёкаў. У такім выпадку, калі нешта падобнае зробіцца, то гэта закране толькі тэрыторыю фермы, але далей не выйдзе. 

Пагаджаецца Ігар Пастухоў з думкай юрыста грамадскага аб’яднання  “Экадом” Рыгора Фёдарава:

–  З аднаго боку – усё экалагічна, замкнуты цыкл. Але адну дэталь не прадумалі. Прадугледжаная наяўнасць пяці адкрытых сховішчаў-лагун, у якіх будзе адстойвацца гной. Адпаведна метан будзе выходзіць у навакольнае асяроддзе. А разам з тым прадугледжаная кацельня на цвёрдым паліве. Не лепш было б выкарыстоўваць біягазавыя ўстаноўкі. Заказчык прыняў гэта да ведама.

Кажа Ігар Пастухоў, што яго не парадавала, што з мясцовых жыхароў на сход прыйшлі толькі тры чалавекі.

“Скіды ніяк не трапяць у азёры”

Заказчык праекта – таварыства “Нарацкая Ніва 2004”.

–  Вырашылі правесці папярэдні сход перад выніковым, каб  пачуць прапановы і заўвагі эколагаў і жыхароў. Выслухалі, запісалі, каб па магчымасці ўнесці карэкціроўкі ў праект і па некаторых пытаннях даць адказы, – кажа эканаміст таварыства Яўген Кудрук.

 – Эколагі пераважна наракаюць на няўдалы выбар пляцоўкі…

– Іх разглядалі чатыры. Лепш за ўсё падышла з пункту гледжання ўздзеяння і на жыхароў, і на экалагічны стан менавіта гэта пляцоўка. На адной давялося б высякаць лес, другая – вельмі блізка да Швакштаў, трэцяе пляцоўка, дзе стаяць закінутыя свінарнікі, зусім блізка да вёскі Нарач. Што датычыць трапляння сцёкавых вод, то гэта выключана. Таму што будуць стаяць сучасныя ачышчальныя збудаванні, скіды ніяк не трапяць у азёры. Пад кароўнікамі будуць  бетонныя ізаляваныя каналы. Па  праекце адходы жыццядзейнасці жывёл будуць трапляць ў пяць ізаляваных заглыбленых гнаясховішчаў-лагунаў. Яны будуць герметычныя, з бетону, у сярэдзіне бетоннай ямы пакладуць   вялізны тоўсты поліэтыленавы “мяшок”.

Дадаў Яўген  Кудрук, што ў праекце выкарыстаныя тэхналогіі, выкупленыя ў галандцаў. Даводзіць, што фермаў такога плана па эфектыўнасці і навізне мала ў Беларусі.

Выніковы сход па абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праекта намечаны ў вёсцы Нарач на 29 красавіка.