Ад яе карцін усмешка сама з’яўляецца на твары, умомант узнімаецца настрой і нават здараюцца цуды.
Якія? “Я вярнулася ў дзяцінства, я пабывала ў казцы, я пазнала свае сны”. Такімі ўражаннямі ад знаёмства з творчасцю Ганны Сілівончык дзеляцца аматары мастацтва.
Выстава мастачкі “Гэты чароўны свет” адкрылася 21 красавіка ў выставачнай зале імя Сілівановіча. Там выставілі 22 працы.
Фота Надзеі Аўдзей.
– Усе яны яркія, непаўторныя і ў той жа час па-дзіцячы наіўныя. На палотнах мастачкі раскрываецца пяшчотны, цёплы свет цудаў, – дзеліцца навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Надзея Аўдзей. – Дзеці, анёлы, казкі і фантазіі, вяснушкі і праменьчыкі ў вачах – усё гэта надае палотнам Ганны Сілівончык такі зарад пазітыву, ад якога хочацца скакаць, смяяцца, весяліцца, разагнаўшы шэрасць і хмурнасць. Як спяваецца ў вядомай песні – “Ад усмешкі будзе ўсім святлей”. І Ганна Сілівончык прынесла гэтае святло віляйчанам сваёй выставай.
Мастачцы не атрымалася прыехаць, таму выставу адкрывалі без яе. Паказалі відэаролік аб Ганне, у якім расказваецца пра яе творчасць і сям’ю.
Апроч знаёмства з карцінамі, на прэзентацыі прачыталі напісаныя Ганнай Сілівончык вершы і казкі.
Працягнецца выстава да 15 мая.
Фота Надзеі Аўдзей.
Даведка “РГ”. Ганна Сілівончык нарадзілася ў 1980 годзе ў Гомелі, жыве і працуе ў Мінску. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Ад 2008 года з’яўляецца сябрам Беларускага Саюза мастакоў.
Яе творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, ЗША і Расіі, а таксама ва ўласных калекцыях Беларусі, Расіі, Францыі, ЗША, Японіі, Ізраіля, Італіі, Германіі, Польшчы і іншых краін.