У магазіне над латком з садавіной-гароднінай тоўпяцца людзі. Кожны перабірае агуркі ці лімоны, шукае нечага лепшага.

Пры гэтым кашляюць і труцца верхнім адзеннем аб тыя самыя латкі.

Непрыемнае відовішча, пагадзіцеся. А між тым, гэта звычайны рытуал у гандлёвых цэнтрах, вялікіх магазінах.

– Куды ў такіх выпадках глядзіць санстанцыя? – абурыліся мы і звярнуліся з гэтым пытаннем да доктара-гігіеніста, загадчыцы аддзялення гігіены харчавання Маладзечанскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяны Кугары.

– У санітарных нормах не прапісанае тое, што забараняецца самастойна выбіраць садавіну і гародніну. Але і дазволу на гэта таксама няма. Мы, як гігіеністы, у першую чаргу сочым за тым, каб сярод гэтай садавіны і гародніны не было гнілля. Пагадзіцеся, навошта выбіраць і перабіраць усе яблыкі, калі яны аднолькава добрыя. Таму і праверкі праводзім рэгулярна.

Што ж датычыцца пытання, што да гэтай садавіны і гародніны могуць дакранацца розныя людзі, у тым ліку і хворыя, Таццяна Іванаўна нагадала пра неабходнасць старанна мыць садавіну і гародніну, якую вы прынеслі з магазіна.

– Лепш за ўсё, вядома, пасля таго, як памылі, яшчэ абдаць яе кіпнем. І хочацца дадаць, што вірусы, як правіла, не ў арганізме не выжываюць, таму не варта баяцца заразіцца нейкімі віруснымі захворваннямі праз садавіну і гародніку, а вось інфекцыяй, якую выклікаюць бактэрыі,  – лёгка. Таму парада адна – старанна мыць усю сырую прадукцыю.

Віталь Сіняўскі, загадчык інфекцыйным аддзяленнем Валожынскай бальніцы расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што якраз у перыяд з красавіка да лістапада павялічваецца колькасць хворых на інфекцыйныя захворванні.

– Я не магу прасачыць прамой прычынна-следчай сувязі з ростам інфекцыйных хворых і ўжываннем імі немытай садавіны і гародніны. Але калі чалавек не кантактаваў ні з кім іншым хворым, не піў брудную ваду, то мы робім выснову, што заразіўся ён праз садавіну.

Віталь Францавіч упэўнены, што тое, што чалавек сам сваімі рукамі выбірае ў магазінах садавіну і гародніну, можа быць небяспечным для іншых людзей.

– Чалавек сам можа не ведаць, што ён з’яўляецца носьбітам інфекцыі. А калі тэмпература плюсавая, то бактэрыям прасцей выжываць у знешнім асяроддзі. Таму можа быць недастатковым проста памыць садавіну ў вадзе.

Загадчыца аднаго з магазінаў на наша пытанне адказала, што ў пакупнікоў павінна быць магчымасць выбару. І кожны пакупнік сам у стане выбраць сабе тую садавіну і гародніну, што прыйшлася яму даспадобы.

Я нагледзела жоўтую грушу – яе ўзяць дазволілі

Дастаткова адзін раз прайсціся ўздоўж радоў з гароднінай на рынку райспажыўтаварыства, як можна заўважыць, што прадавачкі самі набіраюць у пакеты агуркі і памідоры, апельсіны і яблыкі і падаюць гэта пакупнікам.

Прадавачка Святлана так і тлумачыць, што пакупнікам не дазваляе самім выбіраць садавіну і гародніну:

– Каб яны мне спачатку паказвалі санітарную кніжку, то, магчыма, тады і давярала б, – жартуе жанчына.

Святлана лічыць, што робіць абсалютна правільна і прыгадала, як у магазіне жанчына выбірала нейкую садавіну рукамі, на якіх была экзэма.

– Рукі – гэта ж самая брудная частка цела, у кулак жа і кашляюць, і на руках шмат нейкіх ранак, бародавак і язвачак. А ў мяне ўвесь тавар навідавоку, пакажыце пальчыкам, я пакладу тое, што вам прыйшлося даспадобы.

– І праўда, – падхоплівае размову пакупніца, – мне спадабалася вялікая жоўтая груша з вітрыны, мне яе і прадалі.

Святлана гаворыць, што пакет з гароднінай яна не завязвае, а наў­прост падае пакупнікам.

– Ну, паглядзіце на тое, што я вам паклала, не спадабаецца, я памяняю. Яшчэ хочацца дадаць, што, магчыма, у магазіне не шкадуюць спісваць тонамі садавіну, якая сапсавалася, а я ж за кожны лімончык, за кожны яблычак перажываю. А што ж будзе, калі кожны націсне на іх?