У рэдакцыю напісала чытачка “РГ” Наталля.

“На стаянцы насупраць дома №26 па  вуліцы Багдана Хмяльніцкага дзве ночы запар нехта арудаваў па машынах. Два дні выязджаў нарад міліцыі. Фатаграфавалі, запісвалі, доўга разглядалі машыны. Гэта не першыя выпадкі. Некалькі месяцаў таму з машын настойліва злівалі паліва. У адной машыне нават прабілі бак. І ў той жа час парэзалі колы ў трох машынах. Упэўнена, што два апошнія выпадкі не стануць апошнімі. Не здзіўлюся, калі сёння-заўтра зноў вызавуць нарад міліцыі. Закрадаецца думка: ці не з бліжэйшых дамоў нехта арудуе?”

Мы папрасілі начальніка Маладзечанскага РАУС Валянціна Асіповіча пракаментаваць ліст і распавесці, наколькі праблема вострая для Маладзечна:

 – Паведамленні пра крадзяжы ёсць, людзі часцяком звяртаюцца да нас. Важна, каб людзі самі адказвалі за сваю маёмасць. Не пакідалі ў аўтамабілях каштоўныя рэчы, не ставілі аўто на стаянках, якія не ахоўваюцца, ставілі на машыны сігналізацыю, карысталіся гаражамі. Каля паловы гаражоў у гаражных кааператывах у Маладзечне не выкарыстоўваюцца па прызначэнні, для захавання аўто. Машыны ставяць на стаянках у дварах дамоў, якія не ахоўваюцца. Адпаведна, парушальнікам закону не складана штосьці скрасці. Калі вы бачыце, што адбываецца крадзеж у вас на вачах, тэлефануйце на 102.

За крадзеж з аўто Крымінальным кодэксам прадугледжанае пакаранне. Гэта могуць быць грамадскія працы, штраф альбо выпраўленчыя работы тэрмінам да 2 гадоў, арышт да 6 месяцаў, абмежаванне альбо пазбаўленне волі да 3 гадоў.