Свой першы дамашні матч у чэмпіянаце Беларусі па футболе ў першай лізе ФК “Ашмяны” правялі 23 красавіка. У другім туры каманда сустракалася са “Слонімам”.

Падтрымаць футбалістаў на стадыён фізкультурна-аздараўленчага комплексу прыйшло каля 600 гледачоў.

– Нягледзячы на ​​гарачую падтрымку трыбун, “Ашмяны” саступілі “Слоніму” з лікам 0:1, – расказаў  прэс-аташэ ФК “Ашмяны” Аляксандр Наумчык. – Гульня была на роўных. Моманты былі ў абедзвюх камандаў, але адна прыкрая памылка прывяла да голу. Напэўна, не хапіла канцэнтрацыі на ўвесь матч.

Прапусцілі гол ашмянцы на 75-й хвіліне. У гасцей адзначыўся Аляксей Плесуноў.

Фота Аляксандра Наумчыка.

Фота Аляксандра Наумчыка.

Фота Аляксандра Наумчыка.

Фота Аляксандра Наумчыка.

Фота Аляксандра Наумчыка.

Фота Аляксандра Наумчыка.

Наступны матч “Ашмяны”  правядуць  30 красавіка на выездзе з “Зоркай-БДУ” з  Мінска.

 “Смаргонь” перамагла “Смалявічы-СТІ”

 “Смаргонь”  таксама дома 24 красавіка прымала  “Смалявічы-СТІ” і выйграла 1:0. Гол на 84-й хвіліне забіў Сяргей Крот. 

– Мы з Эдуардам Чудноўскім на трэніроўках адточвалі паразуменне, гэта і прынесла свой плён. Падача –  удар галавой –  гол. Можна сказаць, выкарыстаў свой канёк, – прыводзіць словы Сяргея афіцыйны сайт клуба.

Ацаніў гульню Сяргей Крот так:

– Вясновы матч. Якасць газона не надта дазваляла гуляць у кароткі пас. Таму гульня зводзілася на барацьбу і доўгія перадачы. Абедзве каманды выглядалі годна, але мы выкарысталі свой момант. За кошт гэтага і перамаглі.

Відэа fc-smorgon.by

Віляйчанка стала другой на адкрытым чэмпіянаце Беларусі па плаванні

Ад 20 па 23 красавіка ў Брэсце прайшоў адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні памяці А. Каваленкі.

Удзельнічала ў ім навучэнка СДЮШАР Вілейскага райвыканкама Лізавета Шчарбакова. Найбольшага поспеху яна дасягнула ў складзе каманды Мінскай вобласці ў эстафеце 4 па 200 метраў вольным стылем – заняла другое месца.

Падчас адкрыцця спаборніцтваў Лізавеце Шчарбаковай уручылі пасведчанне і значок майстра спорту Беларусі, паведаміў намеснік дырэктара СДЮШАР Аляксеў Тарбееў.

У чэмпіянаце ўдзельнічалі амаль 350 спартсменаў, у тым ліку лідары беларускага плавання Аляксандра Герасіменя, Яўген Цуркін.

Апроч беларусаў, спаборнічалі плыўцы з Украіны, Расіі, Казахстана, Грузіі, Арменіі, Латвіі, Азербайджана. На спаборніцтвах устанавілі сем новых нацыянальных рэкордаў.

Вілейка ўпершыню прыме фінал спаборніцтваў “Залатая рыбка”

Фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая рыбка” на прызы Аляксандры Герасімені ў 2016 годзе ўпершыню пройдзе ў Вілейцы, паведамляе БЕЛТА.

Турнір адбудзецца ў цэнтры фізкультурна-аздараўленчай работы “Сатурн” 30 красавіка. У ім выступяць навучэнцы трэціх і чацвёртых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія атрымалі такое права па выніках двух папярэдніх этапаў. Таксама ў Вілейцы паспаборнічаюць сямейныя эстафетныя каманды.

Чакаецца, што ў Вілейку прыбудуць каля 140 аматараў плавання. Плануецца, што ў Вілейку на заключны этап прыедзе двухразовая віцэ-чэмпіёнка летніх Алімпійскіх гульняў 2012 года па плаванні, чэмпіёнка свету і Еўропы, член нацыянальнай каманды краіны Аляксандра Герасіменя.

У Ашмянах зноў збяруцца паўэрліфтары

У Ашмянах ад 4 да 8 мая пройдзе Тыдзень класічнага паўэрліфтынгу 2016. Спартсмены пазмагаюцца ў адкрытым чэмпіянаце рэспублікі ў трохбор’і і жыме лежачы сярод мужчын і жанчын і на адкрытым першынстве рэспублікі ў гэтых відах сярод юнакоў і дзяўчат, юніёраў і юніёрак ды ветэранаў.

Нагадаем, што ў канцы студзеня ў Ашмянах праходзіў Тыдзень экіпіровачнага паўэрліфтынгу.