Доктар-гігіеніст Вілейскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Ліхачэўская адзначае станоўчую тэндэнцыю: пратэрмінавай прадукцыі на прылаўках магазінаў становіцца менш. І прыводзіць лічбы:

– За першы квартал года яе знайшлі толькі ў каля 12% правераных аб’ектаў, у той жа час у 2014 годзе за аналагічны перыяд – у 17% магазінаў. Сёлета вага такой прадукцыі склала 31,5 кілаграма, а два гады таму яе было амаль 75 кілаграмаў.

Аднак у 100% выяўляюць парушэнні вытворчага кантролю з боку суб’ектаў гаспадарання.

– Здзіўляе факт невыканання прадпісанняў, рэкамендацый і выяўленне паўторных парушэнняў на працягу года на прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання, – кажа спецыяліст. – У Вілейцы такіх прадпрыемстваў было тры, і ў межах Указа Прэзідэнта Беларусі “Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўцоў” іх дзейнасць прыпынялі на пэўны час у залежнасці ад цяжкасці парушэнняў. Гэта магазін №8 і сталовая “Вяснянка” прадпрыемства “Садружнасць”, магазін №1 Вілейскага ККЗ. Яшчэ адзін выпадак быў на раёне: магазін прадпрыемства “Сцепановіч Е. І.” у вёсцы Лукавец.

Забаранілі рэалізоўваць амаль 190 кілаграмаў прадукцыі

Не змяншаецца на прылаўках магазінаў колькасць падазронай па якасці і недабраякаснай прадукцыі: размарожанай і паўторна замарожанай, успухлых кансерваў, гнілой гародніны і садавіны, і той, у якой няма на этыкетцы належнай інфармацыі.

Па матэрыялах праверак прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 51 службовую асобу на суму амаль 100 мільёнаў рублёў і тры юрыдычныя асобы на суму больш за 80 мільёнаў. Вынеслі 12 прадпісанняў аб прыпыненні дзейнасці і 36 пастаноў аб забароне рэалізацыі прадукцыі агульнай вагой амаль 190 кілаграмаў. 

–  Спецыялісты дзяржаўнага санітарнага нагляду працягнуць правяраць, як выконваецца санітарна-эпідэміялагічнае заканадаўства. Аднак незразумела, чаму работнікі гандлю і грамадскага харчавання не зацікаўленыя ў заваёве даверу пакупнікоў, – канстатуе Алена Ліхачэўская.