Перакладчыца Святлана Рогач сёлета адзначылася як лаўрэатка прэміі “Дэбют” у намінацыі “Пераклад”. З “Нашай Нівай” Святлана падзялілася думкамі пра беларускае літаратурнае жыццё, распавяла, як стала перакладчыцай і чаму ніколі не будзе працаваць у школе.

– Спачатку раскажыце пра сябе трошкі. Адкуль вы?

Святлана Рогач: Я сама з Вілейкі, з сям’і настаўнікаў гісторыі. Уся сям’я гуманітарыі. Адвучылася там у школе, потым – у Мінску, у філалагічным класе ліцэя БДУ. Затым паступіла ў БДУ на філфак. Вывучала асноўнай мовай польскую. Другой выбрала чэшскую.

– А чаму вырашылі паступаць менавіта на філфак? У плане грошай у Беларусі трэба выбіраць іншыя спецыяльнасці. Я думаю, вы ўжо разумелі гэта, калі паступалі.

– Я разумела таксама, што калі стану эканамістам, то буду бяздарным эканамістам. Пайду ў IT – стану бяздарным айцішнікам. А калі займуся мовамі, то, можа быць, з мяне атрымаецца добры філолаг.

– І атрымаўся?

– Ну, хочацца ў гэта верыць. Я шмат для гэтага працавала, скажам так.

– Добра. А што ўразіла дзяўчынку з Вілейкі ў Мінску, калі вы перабраліся ў сталіцу?

– У Мінску я бывала і раней, таму горад, скажам так, ужо не быў для мяне якімсьці незвычайным. А ў ліцэі БДУ больш за ўсё мяне ўразіў узровень адукацыі. Непараўнальна, вядома, з гімназіяй у Вілейцы, дзе я вучылася.

– А бацькі вас не адгаворвалі пераязджаць у Мінск?

– Не, наадварот – падтрымлівалі.

– Калі вы паступалі, то як выбіралі спецыяльнасць? І чаму?

– Я заўсёды цікавілася славянскімі мовамі. Тым больш, баялася, што англійскую я, шчыра кажучы, не пацягну. А на філфаку такая сістэма, што не кожны год можна паступіць на любую мову. У той год, калі паступала я, была толькі польская са славянскіх моваў.

А калі я выбірала дадатковую мову, то выбар быў. Вырашыла ўзяць чэшскую ў дадатак да польскай, бо яна таксама заходнеславянская, і плюс – у галаве быў такі рамантычны прыгожы вобраз гэтай краіны. Хаця да таго я ў Чэхіі не бывала.

– Калі вы вырашылі стаць перакладчыцай? Яшчэ падчас вучобы?

– Ну… Ва ўніверсітэце ў мяне не было такога дакладнага плану на жыццё. У мяне яго і цяпер, шчыра кажучы, няма. Але думала, што, можа быць, застануся выкладчыцай у БДУ. Атрымалася, праўда, па-іншаму. Я цяпер працую ў прыватнай фірме, выкладаю на курсах польскай мовы.

– Вярнуцца ў Вілейку не думалі?

– Не – там няма работы. Хіба толькі ў школе, і то не заўсёды. А ў школе я працаваць не хачу, ані ў Вілейцы, ані ў Мінску. Мае бацькі, настаўнікі, ад любой працы ў школе мяне таксама вельмі моцна адгаворвалі. Наша школа сёння, мякка кажучы, у стане крызісу.

– У плане ведаў ці ў плане грошай?

– Ва ўсіх планах, я баюся. У плане кіраўніцтва таксама. Наколькі я ведаю ад бацькоў, любыя змены ў міністэрстве адукацыі – напрыклад, калі мяняецца міністр – цягнуць за сабой нейкія рэформы і эксперыменты на дзецях. Змены ў праграме, усякае такое… Я часткай гэтага быць не хачу. Ды і не хачу мяняць свае погляды, прасоўваць нейкую ідэалогію ці штосьці такое. Мне гэта не цікава.

– А калі вярнуцца да перакладніцкай дзейнасці – калі ўсё ж пачалі і чаму?

– У прынцыпе, мне заўсёды здавалася, што я буду перакладчыцай, яшчэ ў школе я так думала. Не пісьменніцай – ствараць штосьці новае мяне не так вабіла. Можа, ад недахопу крэатыву… А вось перакладаць падабалася: калі штосьці, што існуе на адной мове, пачынае існаваць на іншай, нібыта такое самае, але ў той жа час рознае… Гэта я люблю.

Больш-менш сур’ёзна я пачала перакладаць на другім курсе, калі вучыла чэшскую. У мяне выкладаў Сяргей Сматрычэнка, вядомы ў багемістыцы чалавек, куратар кніжнай серыі “Чэшская калекцыя”. Ён мне прапанаваў перакласці невялікае апавяданне ў якасці курсавой. Я зрабіла, яму, здаецца, спадабалася. Пасля ён яшчэ даваў мне заданні… І потым я пачала перакладаць для “Чэшскай калекцыі”.

Таксама перакладала з польскай і славацкай для часопісаў “Arche” і “Макулатура”. Славацкую вельмі лёгка разумець, калі ўжо ведаеш чэшскую і польскую. Таксама некалькі маіх перакладаў выйшла ў інтэрнэт-часопісе “Прайдзісвет”.

– Наадварот – з беларускай на чэшскую – таксама перакладаеце?

– Не. Тут трэба надта добра ўжо ведаць мову, быць у ёй. Лепш, каб гэта ўсё ж рабілі носьбіты мовы. Бо пэўныя адценні, тонкасці – гэта зусім іншы ўзровень ведання мовы. Для гэтага ўвогуле лепш пажыць працяглы час у краіне. Проста ведаць мову на акадэмічным узроўні, каб перакладаць з яе – дастаткова. Каб перакладаць на яе – не.

– За сучаснай беларускай літаратурай сочыце?

– Стараюся. Але не заўсёды хапае часу.

– Падабаецца штосьці?

– Ой, складана адказаць…

Ведаеце, мне вельмі сорамна, але апошнім часам я чытаю не беларускую літаратуру, а замежную на беларускай мове. Я ведала, што вы мяне пра гэта спытаеце і адмыслова сёння глянула на сваю палічку. Кніг на беларускай там шмат, але гэта не беларусы (усміхаецца). Я больш сачу за перакладамі на беларускую.

– Хто з беларускіх пісьменнікаў варты перакладу, на ваш погляд?

– А ўсіх, хто варты, пераклалі. Караткевіч, Бахарэвіч таксама, здаецца… Наталка Бабіна.

– А за чэшскай, славацкай літаратурай сочыце?

– Стараюся, штосьці набываю, калі трапляю ў Чэхію, Польшчу ці Славакію… Але сістэматычна адсочваць не атрымліваецца.

– Як тады вы выбіраеце чарговую “ахвяру” для перакладу?

– Чытаю кнігі. Спадабалася – задумваюся. Сачу за прэміямі, самая знакамітая з якіх у Чэхіі – “Магнэзія Літэра”, за бестсэлерамі. Пераклады для “Чэшскай калекцыі” пераважна прапаноўвае Сяргей Сматрычэнка, куратар.

– Параўнаць беларускае і чэшскае літаратурнае жыццё можаце?

– Адрозненняў шмат. Па-першае, у нас жа двухмоўе, хтосьці піша па-беларуску, хтосьці па-руску.

– Гэта добра ці дрэнна?

– Гэта? Гэта цікава.

Але ў Чэхіі літаратурнае жыццё больш інтэнсіўнае, нягледзячы на тое, што краіны больш-менш параўнальныя. Увогуле, з беларускай літаратурай ніколі не было проста. Таму добра, што яна сёння ёсць якая ёсць.

– А калі параўнаць прэміі? Чэшскую “Магнэзію Літэру” і беларускага “Гедройця”?

– Тут справа ў чым – ці гэта нармальна, што самая вядомая беларуская прэмія выдаецца на грошы з-за мяжы? Вось яна, спецыфіка беларускай сітуацыі. Але зноў жа, добра, што хоць “Гедройц” ёсць.

– А цікавасць, якую выклікаюць лаўрэаты ў Беларусі і ў Чэхіі адпаведна?

– Чэшская пісьменніца Катэржына Тучкава, якую я перакладала, якраз атрымала некалькі прэмій за раман “Жыткаўскія багіні”. Але і там сам твор вельмі добры, яго папулярнасць, думаю, залежыць не толькі ад прэмій… але тыраж – 100 тысяч. То бок, прыкладна кожны соты чэх яе набыў.

– У нас лаўрэаты Гедройца выходзяць накладам у некалькі соцень.

– Ну, можа, каб людзі больш гаварылі па-беларуску, то і наклад быў бы іншы… Але, не ведаю…

Мне здаецца, ў нас нейкі агульны гуманітарны крызіс, які пачынаецца яшчэ з адукацыі, калі там скарачаюць гадзіны на мову і літаратуру пастаянна, а саму мову вучаць толькі для таго, каб здаць ЦТ. А потым жа на мову забываюцца, і на беларускую, і на рускую – кожны піша як хоча. А чытаць кніжку – гэта штосьці такое ўжо старамоднае…

Не заўсёды, вядома, так лічаць, але вельмі ўжо часта.

– Хто вінаваты ў гэтым? Школа?

– Гэта ідзе з такога агульнага гуманітарнага крызісу, калі такія рэчы, як літаратура, становяцца людзям мала патрэбнымі. Людзей вучаць быць айцішнікамі, інжынерамі, бо гэта грашовыя прафесіі. А гуманітарную сферу не развіваюць.

– А хто павінен яе развіваць?

– Ой, я не ведаю. Але, напэўна, штосьці павінна ісці з сям’і, а штосьці са школы. Было б добра, калі хаця б не скарачалі гадзіны літаратуры ў школе і не выкідвалі сусветную літаратуру з праграмы.

– Дарэчы, працягваючы пра наклады – вашыя пераклады таксама выходзяць адносна невялікімі накладамі. Няма адчування, што вы працуеце “ў стол”?

– Бывае. Але вось Тучкаву, здаецца, купляюць. Вось ужо выдалі другі наклад. Хтосьці чытае.

– Колькі вы працуеце над перакладам раману?

– Год. Але я яшчэ ў вельмі добрых умовах. Чэшскае Міністэрства культуры выдзяляе грошы, я атрымліваю ганарар. А вось яшчэ і атрымала прэмію. Вельмі файна атрымліваць грошы, прэмію за тое, што я, напэўна, рабіла б і так.

– Раскажыце пра “Дэбют”. Вы першы раз падаваліся на прэмію?

– Першы. Але насамрэч, я не падавалася. Не ведаю, хто гэта зрабіў. Хутчэй за ўсё, Сматрычэнка, але дакладна не скажу. Я даведалася, што мяне намінавалі, калі ўжо ўвайшла ў чацвёрку фіналістаў.

– Хацелася выйграць?

– Хацелася… Але я ўжо разумела, што мае шансы неблагія, бо адразу два мае пераклады ўвайшлі ў шорт-ліст. Калі атрымала прэмію – было вельмі прыемна, безумоўна. Зноў жа, больш людзей даведалася пра тое, чым я займаюся. Трохі паўплывала і на продаж маіх перакладаў.

– Бацькі павіншавалі?

– Так. Мама нават прысутнічала на ўручэнні. Сям’я маю перамогу ўспрыняла вельмі пазітыўна.

Мяне “запаважалі” ў сям’і, бо некаторыя са сваякоў думалі, што я абы-чым займаюся, замест таго, каб прыватнае жыццё наладжваць. А цяпер нарэшце зразумелі, што гэта складаная праца. Грошы людзей пераконваюць (смяецца).

– А той скандал, звязаны з тым, што пераможцы ў намінацыі “Паэзія” не было? Як вы да яго ставіцеся?

– Я не ведаю, што я б адчувала на месцы намінантаў. Але я разумею, што ў мінулыя гады ўзровень намінантаў быў вышэйшы. Таму прыняць рашэнне, якое прынялі, журы цалкам мела права.

– Вы б пачалі скандаліць, калі б трапілі ў такую сітуацыю?

– Не. Прэмія – рэч, якую трэба ўспрымаць як падарунак. Ніхто не абавязаны яе табе даваць.

* * *

Святлана Рогач нарадзілася ў 1989 годзе на Вілейшчыне. Скончыла славянскае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ (2011), вывучала польскую і чэшскую мовы.

Перакладае з польскай, чэшскай і славацкай. Сярод перакладзеных аўтараў – Эда Крызэова, Пэтр Шабах, Павел Вілікоўскі, Роберт Мэнасэ, Імрэ Кертэс і інш.

Жыве ў Мінску.

Адна з пераможцаў перакладчыцкага конкурсу “Ператвор” (2012).

У сакавіку 2016 года атрымала прэмію імя Максіма Баглановіча “Дэбют” – за пераклад кнігі “Жыткаўскія багіні” чэшскай пісьменніцы Катэржыны Тучкавай.

Гутарыў Улад Швядовіч, “Наша Ніва”.