Мінскі гурт “Hurma” прэзентуе новы кліп “Упасці” – гісторыю пра тое, што кожны павінен знайсці сваю другую палову і літаральна “ўпасці ў каханне”.

Рэжысёрам новага кліпа стаў Арцём Лобач, які паспеў папрацаваць з гуртамі The Toobes, J:mors, Akute. У новым кліпе “Hurma” людзі не проста падаюць, а сыплюцца з неба.

Здымкі новага кліпа адбываліся ў Вязынцы, недалёка ля музея Янкі Купалы, а таксама ў Мінску на батутнай арэне “Джой Джамп”.

Спонсарамі новага відэа сталі прыхільнікі гурту. Яны пералічылі неабходную суму на краўдфандынгавую платформу Ulej.by.

“Гэта была своеасаблівая праверка, ці падабаецца нашым слухачам тое, што мы робім, і ці гатовыя яны нас падтрымаць не толькі лайкамі ў інтэрнэце, але і рублём. І, па-мойму, мы яе прайшлі”, – кажа фронтмэн гурту Мікіта Найдзёнаў.

Лідар гурта “Hurma” Мікіта Найдзёнў завітае ў Маладзечна ў аўторак, 3 мая. Яго выступ адбудзецца ў межах заняткаў “Мова Нанова”, якія пачнуцца ў 18:00 у канферэнц-зале бібліятэкі “Верасок” па адрасе: Вялікі Гасцінец, 121. Уваход вольны!

Не губляйце галавы. Мастачка з Маладзечна Надзя Бука дэбютавала ў афармленні вокладкі кнігі Мікіты Найдзёнава “Развітанцы”

“Hurma” грае рамантычны беларускамоўны поп-рок. Гурт атрымаў званне “Дэбют года” ад музычнага партала Tuzin.fm, а таксама беларускамоўны хіт года ад тэлеканала АНТ. Летась гурт прэзентаваў дэбютны альбом “Repeat”.

Цяпер “Hurma” едзе ў свой першы тур пад назвай “Упасці ў каханне”. 30 красавіка музыканты дадуць канцэрт у Віцебску, 8 мая – у Гродна, 21 – у Маладзечне, 22 – у Магілёве і 25 – у Мінску.

“Наша Ніва”.