Самым урачыстым веснавым святам быў Bялікдзень (Bяліканне, Вялічка, Пасха). Гэта свята рухомае, яно адзначаецца ў ме­жах ад 4 красавіка да 8 мая па новым стылі. Вялікдзень мае язычніцкія карані і некалі ў славян адзначаўся ў дні вясенняга раўнадзенства.

Доўгі час захоўваўся ў вёсцы Касарычы Глускага раёна звычай пячы да Вялікадня прэсны хлеб у выглядзе сахі і бараны. У гэтым бачна даніна павагі зямельцы-маці, якую апрацоўваюць гэтымі прыладамі.

Падрыхтоўка

Вялікадню папярэднічаў белы тыдзень, які пачынаўся пасля Вербніцы. Так ён называўся ў некаторых вёсках, бо на гэтым тыдні прыбіралі ў хаце і на падворку. У хаце бялілі печ і печку. Асабліва наводзілі чысціню ў хаце ў чысты чацвер, інакш у вялікі чацвер.

У гэты дзень стараліся ўстаць рана, да дня, і чыста вымыць свае рукі і твар.

У гэты дзень палілі ў лазні і ўвечары мыліся. Каб ніякая нечысць не прыставала, старанна вымяталі хату, сенцы, двор, вуліцу. Чысты чацвер апраўдваў сваю назву.

Стол

Пасля яго ішла страсная, ці вялікая пятніца і затым –  вялікая субота. У гэтыя дні рыхтавалі сабе і гасцям ежу да свята, а таксама нарыхтоўвалі корм жывёле. Паколькі ў хрысціян Вялікдзень – гэта свята над усімі святамі, таму для яго рыхтавалі найбагацейшае застолле. Вялікдзень мае свае абавязковыя традыцыйныя атрыбуты, якія датычацца ежы, –  гэта пасха і пафарбаваныя звараныя яйкі.

Яйкі афарбоўвалі ў чырвоны колер ў пятніцу альбо ў суботу перад Вялікаднем. Фарбай служыў адвар шалупіння цыбулі для атрымання чырвонага колеру, а дзе-нідзе на Палессі – адвар амялы белай або дзеразы, крапівы – для атрымання зялёнага колеру. Яйкі набывалі сіні колер, калі іх варылі з сон-травой. Некаторыя гаспадыні фарбавалі яйкі ў малінавы, бурачковы і іншыя колеры альбо рабілі іх рабымі, наносілі розныя ўзоры і называлі іх пісанкі і маляванкі. Здаралася, што варылі белыя яйкі – гэта знак жалобы аб памерлым родзічу, калі з дня яго смерці не мінуў яшчэ год.

Пасха (салодкая ежа з тварагу ў выглядзе чатырохвугольнай піраміды, пазней гэта куліч), чырвоныя яйкі, тварожны сыр і соль асвячаліся ў царкве ў Вялікую суботу альбо ў нядзелю раніцай, пасля Усяночнай службы. Гэтыя названыя стравы (у некаторых  прынарачанскіх вёсках іх называлі пасхай) ляжалі на стале ўсе першыя тры дні Вялікадня.

За гэты час іх з’ядалі, акрамя таго, адносілі дзядам на могільнік. У многіх вёсках рабілі і верашчаку, якую варылі ў суботу. Звычайна раніцай у нядзелю на Вялікдзень нічога не варылі і ў печы не палілі, бо святкавалі. Усё было наварана напярэдадні ў суботу.

Фота renwood.ua.

Фота renwood.ua.

Прыйшоўшы з Усяночнай, усе члены сям’і вымывалі твар вадой з міскі, у якой ляжалі асвечаныя ў храме яйкі. На велікодны стол вясковая гаспадыня ставіла ўсе лепшыя скаромныя стравы: пасху, пафарбаваныя яйкі, верашчаку, масла, сыр, кілбасу і бліны.

Святочнае сняданне ў гэты дзень пачыналі толькі з тых прадуктаў, якія пасвянцалі ў царкве (з пасхі).

Зразумела, на стале былі пляшка гарэлкі ці бутэлька віна і чаркі. Болей за тры чаркі на сняданні альбо на полудні не пілі, бо трымаліся меры. У першы дзень Вялікадня ўсюды частавалася толькі свая радня. Пасля полудня альбо на другі дзень можна было ісці і ў госці.

Раніцай хадзілі глядзець “ігру” сонца, калі яно было невысока над гарызонтам. Калі на яго доўга гля­дзець, дык яно нібы купаецца, “верціцца”.

У гэта свята моладзь забаўлялася на гушкалках, а дзеці-падлеткі абходзілі сваіх блізкіх сваякоў – бабулю (тую, што завязвала малому пупок), хросную маці і хроснага бацьку, дзядзькоў і цётак. Дзеці абавязкова ішлі да хросных бацькоў і бабулі і  гаварылі ім навіну: “Хрыстос уваскрос!” А тыя давалі дзіцяці па яйку.

Калі здаралася, што па нейкай прычыне дзіця не прыйшло па яйко, дык хросныя бацькі і бабуля прыносілі самі або перасылалі вялікоднае яйко дзіцяці. Гэта было павагай і традыцыяй.

Як дзеці, так і дарослыя наладжвалі гульню “У біткі” і катанне яек па жолабе альбо з горкі (чыё далей адляціць, той і выйграе).

Пры гульні трэба мець моцнае яйка, каб выйграць. Хто сваім моцным яйкам паб’е чужое, дык ён забірае сабе бітае, як выйгранае.

Такую гульню наладжвалі з дзецьмі і ў сваёй сям’і. Калі траплялася моцная шкарлупіна ў тваім яйку, дык можна было выйграць і шмат яек, калі знаходзіліся гульцы.

Фота belaruspartisan.org.

Фота belaruspartisan.org.

Музыка і спевы

Увечары раздавалася гучанне дуды, пішчанне скрыпкі і песні – гэта ішлі валачобнікі (дарослыя мужчыны, радзей і жанчыны).

Назва пахо­дзіць ад слова “валачыцца”, што азначае вандраваць. У гурце было ад 5 да 20 валачобнікаў, сярод іх адзін або два музыкі, пачынальнік, або запявала, падхватнікі і механоша. Яны спявалі пад вокнамі валачобныя песні кожнаму гаспадару або гаспадыні, іх дзецям. Мэта спеваў – павіншаваць вяскоўцаў з цёплай вясной, пажадаць ім здзяйснення светлых мар і надзей.

Узнагароды за віншаванне насіў механоша. Для валачобных песень характэрныя прыпевы: “Зялёны явар кучаравы”, “Спявайце, малойцы, спявайце”, “Дай віно ж маё зеляно!”, “Сад зялёны, вішнёвы”, “Зялён явар, зялёны”, “Вясна красна на ўвесь свет”, “Хрыстос уваскрос, Сын Божы”  ды іншыя.

Валачобныя песні па сваёй функцыі нагадваюць калядкі і шчадроўкі, але па тэматыцы і сюжэтах адрозніваюцца больш канкрэтным асвятленнем палявых работ. У некаторыя песні ўводзяцца міфалагічныя вобразы. У ролі працаўнікоў выступаюць святыя Ляксей, Ізбор, Юры, Мікола, Барыс, Пятро, Ілля. I кожнае свята, як і кожны святы, непасрэдна звязаны з пэўнай сезоннай работай.

Валачобнікі, прыйшоўшы да гаспадара на падворак, пыталіся, ці можна ім спяваць. Атрымаўшы згоду, яны станавіліся паўкругам каля акна і спявалі гаспадару, гаспадыні, дачцэ і  сыну.  

Сяляне верылі ў магічную сілу слова. За добрыя песні і зычэнні, паводле звычаю, трэба было пачаставаць валачобнікаў.  
Пасля гэтага гаспадары адчынялі акно, дзякавалі валачобнікам за віншаванні і давалі ім падарунак – валачобнае (яйкі, сыр, кілбасу). Валачобныя песні – гэта народныя гімны членам сям’і. Некаторыя з іх вельмі паэтычныя.

Так яны абыходзілі з песнямі ўсе хаты вёскі запар, не мінаючы аніводнай, інакш было б крыўдна гаспадару ці гаспадыні, што мінулі іх. Потым валачобнікі дзялілі валачобнае паміж сабой або ішлі да кагосьці ў хату і ладзілі застолле. У адной з валачобных песень ёсць такі куплет:

Бо мы – госцікі небывалыя,
Небывалыя, нехаджалыя:
Толькі ў гадочак – адзін разочак.
Памачыліся, павалачыліся
Па чорнай гразі, па цёмнай начы.
Толькі ў гадочак адзін разочак,
Спявайце, малойцы, спявайце!

У вялікіх вёсках увечары моладзь рабіла вечарынку са скокамі (танцы). Скакалі пад дуду і скрыпку, а ў 20-м стагоддзі – пад гармонік, цымбалы і бубен. Хоць святары на Усяночнай прасілі моладзь не рабіць на Вялікдзень вечарынкі, але ніколі іх не слухалі.
Сяляне ў вёсках каля ракі Нарачанкі святкавалі Вялікдзень, як Каляды і Сёмуху, тры дні, а на чацверты (у сераду) крыху святкавалі ў гонар Перуна, каб ён не нашкодзіў іх гаспадарцы.  

Цяпер пра валачобны абрад у малых вёсках, дзе засталося толькі некалькі старых, гаварыць не даводзіцца. Няма каму спяваюць, ды і слухаць няма каму. А ў многіх аграгарадках – амаль гарадская культура. Але велікодная абраднасць, якая звязаная са святочнай ежай дзякуючы адраджэнню хрысціянства, захоўваецца на вёсцы лепш, чым у сучасным горадзе, дзе толькі кулічы і чырвоныя яйкі сведчаць аб гэтым свяце.