Каля дзевяці гадзін раніцы 1 мая паведамілі аб загаранні лазні ў вёсцы Язні Даўгінаўскага сельсавета.

Па прыбыцці выратавальнікаў увесь дах лазні гарэў адкрытым полымем. 

У выніку пажару знішчаны дах, лазня выгарэла знутры.

Гаспадар лецішча, мінчанін, расказаў, што ў гадзін сем раніцы цепліў лазню. Пабыў там пэўны час, а потым пайшоў у дом. Неўзабаве туды прыбег сусед і сказаў, што гарыць лазня. Суседзі і выклікалі выратавальнікаў. 

Гаспадар спрабаваў патушыць загаранне вадой са шланга, але не атрымалася. Выцягваў ён маёмасць з прыбудовы.

Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў устройства пячнога ацяплення, паведаміў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітры Кляшняк.

Яшчэ адно здарэнне адбылося ўдзень 1 мая. У Вілейцы з апёкамі першай-трэцяй ступені (20% цела) шпіталізавалі 64-гадовага пенсіянера. Атрымаў ён іх у выніку неасцярожнага абыходжання з агнём пры распальванні вогнішча ля дома.