Падчас наведвання Літвы нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч назвала злачынствам рашэнне беларускіх уладаў будаваць Астравецкую АЭС, паведамляе літоўскі тэлеканал TV3.

“Я думаю, што гэта злачынства. Злачынства, якое гаворыць пра тое, што мы не зразумелі Чарнобыльскай катастрофы, не зрабілі высноў”, – сказала пісьменніца на пытанне, як яна ацэньвае праект Астравецкай АЭС. Пытанне было зададзенае ў суботу падчас сустрэчы з гледачамі пасля прэм’еры спектаклю паводле яе кнігі “Чарнобыльская малітва” у Панявескім драматычным тэатры імя Юозаса Мільцініса.

Алексіевіч лічыць, што людзі як след не ўсвядомілі, якой катастрофай была аварыя ў Чарнобылі, бо з распадам Савецкага Саюзу іх увага была занятая іншымі праблемамі – стратаю працы, развалам сістэмы.

Пісьменніца таксама сказала, што рашэнне будаваць атамную электрастанцыю прымаў адзін чалавек – аўтарытарны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Беларусь – закрытая, аўтарытарная сістэма, і тэма Чарнобылю – таксама закрытая тэма. Аўтарытарная сістэма не думае пра чалавечае жыццё як каштоўнасць, не думае пра будучыню нацыі, а толькі пра праблемы ўлады. Грамадства паралізаванае страхам, няспынным кантролем. Мы няздольныя запярэчыць, у нас няма ні антыатамнага руху, ні сапраўднага экалагічнага руху, бо ўлады кантралююць усё”, – сказала Алексіевіч.

“У аўтарытарнай краіне ўсё вырашае адзін чалавек, гэта ён вырашыў, каб мы будавалі атамную электрастанцыю. А паралізаванае грамадства маўчыць”, – зазначыла пісьменніца.

Літва выступае з вострай крытыкай пабудовы Беларуссю АЭС за 50 кіламетраў ад Вільні. Літва сцвярджае, што Беларусь не забяспечвае бяспекі праекту. Менск абвяргае закіды Літвы, сцвярджаючы, што на станцыі будуць забяспечаныя найвышэйшыя стандарты бяспекі.

svaboda.org.