Канфлікт здарыўся сёння днём у двары па Вялікім Гасцінцы каля дома №68 б. Гараджане абступілі гандлярку, на якую міліцыянер накінуў кайданкі.

Як высветлілася, інцыдэнт адбыўся падчас рэйда па прадухіленні гандлю ў неўстаноўленых месцах. Затрыманая жанчына гандлявала каля рынка райспажыўтаварыства. Падчас папярэдніх рэйдаў яе ўжо папярэджвалі пра адказнасць, якая надыходзіць за незаконны гандаль, але гэта яе не спыніла.

На відэа зафіксаваная развязка канфлікту. Паводле слоў кіраўніка аддзела гандлю і паслуг райвыканкама Ірыны Крук, калі члены рэйдавай групы, у якую ў тым ліку ўваходзяць работнікі аддзела, рабілі спробу ўстанавіць асобу жанчыны, тая давала несапраўдныя звесткі. Пасля пачала прыцягваць увагу мінакоў эксцэнтрычнымі паводзінамі, бегала. Супрацоўнік міліцыі мусіў адзець на яе кайданкі.

– Акрамя правоў ва ўсіх нас ёсць абавязкі, – каментуе Ірына Уладзіміраўна. – Існуюць нормы заканадаўства, у тым ліку ў сферы гандлю, якія вызначаюць, дзе можна гандляваць, а дзе – нельга. Сённяшні выпадак – пацверджанае таго, што адказнасць за парушэнне закона надыходзіць. Жыццёвыя складанасці, хваробы, недахоп грошай – не дазваляюць парушаць закон.

Не трэба гаварыць, што хтосьці не ведае пра адказнасць. Мы гадамі праводзім работу па спыненні гандлю ва неўстаноўленых месцах. Звяртаемся ў сродкі масавай інфармацыі. Гаворым не толькі для гандляроў, але і для пакупнікоў, якія хочуць быць упэўненыя ў якасці таго, што набываюць. Увесь час паступаюць званкі ад людзей, якія набываюць сапсаваныя прадукты “з рук”, а потым шукаюць у нас абарону.

Блізіцца лета, пытанні гандлю ў неўстаноўленых месцах становяцца асабліва балючымі, а наступствы – сур’ёзнымі. Мы актывізавалі працу па спыненні гандлю ў нявызначаных месцах. Адно з самых праблемных – ля рынка райспажыўтаварыства.

Ірына Крук адзначыла, што летась прыцягнулі да адказнасці за незаконны гандаль больш за дзесяць чалавек. Сёлета работу па спыненні гандлю ў неўстаноўленых месцах працягнуць.