Беларускім банкам рэкамендавана арганізаваць выдачу ў банкаматах грошай узору 2009 года ад 1 ліпеня, паведамілі БелТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка.

Для паскарэння працэсу ўвядзення ў абарачэнне банкнот і манет ўзору 2009 года і спрашчэння разлікаў у перыяд адначасовага абарачэння новых і старых грошай Нацбанк прыняў шэраг рашэнняў і рэкамендацый.

Найбольш высокі попыт з боку насельніцтва на новыя грошы прагназуецца менавіта ў першыя дні правядзення дэнамінацыі. Таму банк рэкамендуе ўжо ад 1 ліпеня арганізаваць работу асобных банкаматаў і правядзенне шэрагу банкаўскіх аперацый, у тым ліку і валютна-абменных, з выкарыстаннем новых грошай. Пры гэтым пералік банкаматаў, якія будуць загружаныя новымі банкнотамі, павінен быць вызначаны загадзя, а адпаведная інфармацыя своечасова размешчаная на інфармацыйных стэндах, інтэрнэт-сайтах. Трэба сачыць, каб інфармацыя была актуальнай, да поўнага пераходу ўсіх банкаматаў на працу з новымі грашыма.

Дадзеную працу рэкамендавана па магчымасці завяршыць цягам ліпеня 2016 года.

Прынятае рашэнне, што на працягу месяца ад пачатку правядзення дэнамінацыі Нацбанк не будзе спаганяць з банкаў плату за падмацаванне новымі банкнотамі, на працягу 6 месяцаў – манетамі. Банк прапанаваў выкарыстоўваць аналагічны падыход да сваіх кліентаў.

Мяркуецца, што гэты крок будзе стымуляваць банкі да вывазу выручкі ад арганізацый гандлю і сэрвісу ў банкнотах узору 2000 года, здачы яе ў поўным аб’ёме ў Нацбанк і атрыманню ў найбольшай колькасці грошай узору 2009 года. З улікам прынятага рашэння банк таксама рэкамендуе цягам 6 месяцаў ад пачатку правядзення дэнамінацыі арганізаваць у сваіх касах бясплатны размен банкнот ўзору 2000 і 2009 гадоў на манеты узору 2009 года.