Ён вырашыў жыць у Маладзечне, хаця ні разу тут не быў, і стаў адным з мастакоў “залатога часу” горада. Яна працавала дызайнерам, аздабляла помнікі, а ў кватэры на кожным кроку след яе залатых рук. Яны жанатыя 42 гады, але сумесную выставу ў сваім горадзе ладзяць упершыню.

Выстава “У кругазвароце аднаўлення” будзе працаваць да 13 мая.

– Мне не так ужо і боязна, таму што пад абаронай прафесійнага мастака. Адна я і не асмелілася б паказаць свае працы, – адзначае Наталля.

У доме Аўчыннікавых атмасфера салона не знікае ніколі. У гаспадароў каля ста карцін, сярод якіх ёсць каштоўныя падарункі. Яны збіраюць прыгожыя аксесуары, на ганаровых месцах сямейныя рэліквіі – абраз, якім бласлаўлялі бабулю на вяселлі, гладыш, з якога маленькі Мікола піў малако, ручнікі, што засталіся ад бацькоў.

Наталля Аўчыннікава на сваёй кухні.

Наталля Аўчыннікава на сваёй кухні.

Інтэр’ер упрыгожваюць рэчы, да якіх прыклала руку Наталля: вышыты абрус, упрыгожаная кухонная канапа, фіранкі, размаляваная мэбля. А ў адным пакоі на ганаровым месцы вісіць самая першая праца маладзечанскага мастака:

– Мой першы шэдэўр, – усміхаецца Мікола Аўчыннікаў. – Я вышыў гэтага коціка ў першым класе. Наташа яго выратавала, адрэстаўравала.

У прыхожай гаспадароў – працы сяброў і знаёмых: Аляксея Марачкіна, гравюра Ядвігі Раздзялоўскай 1939 года, творы Юрыя Герасіменкі. Побач праца шведскага мастака, такая карціна ёсць у Аўчыннікавых і ў караля Карла ХІІ.

Мікола: А вось карціна Кастуся Харашэвіча. Заходжу ў камісійны магазін, гляджу – прадаецца Харашэвіч. Ён некаму падарыў, а той збыў працу. І я набыў яе за смешныя капейкі. Тут працы шведскага скульптара – бабцы было каля 80 год і яна са зварачным апаратам рабіла з металу скульптуры.

Гравюра Ядвігі Раздзялоўскай 1939 года.

Гравюра Ядвігі Раздзялоўскай 1939 года.

Скульптура 80-гадовай шведскай мастачкі.

Скульптура 80-гадовай шведскай мастачкі.

Для Міколы Аўчыннікава гэта будзе 202-я выстава. У майстэрні ён паказвае свае працы:

Мікола: “Ноч у старым парку ў Камарове”, “Над ракой Сэрвач у Будславе”, а вось “Камяні пры дарозе”. Я ўсё змагаюся, каб перасталі размалёўваць валуны на Мала­дзечаншчыне, але ж не слухаюць. Гэта як у Ра­занава – у парку ляжалі тры валуны, сёння іх расфарбавалі ў сіні колер – і тысячагоддзі памерлі. Ён жа прыгожы сам! Продкі яму пакланяліся, ад іх такая энергетыка, нашто псаваць?

42 гады разам

Наталля:  Мы ў адну школу хадзілі на Гомельшчыне, ён вучыўся на клас старэй. З класа восьмага мы рабілі насценгазеты. І ён маляваў, і я малявала, мой тата мастаком быў. Спаборнічалі, хто лепшую газету зробіць. Пабачыла, што такія працы нічога, зацікавілася, што гэта за Аўчыннікаў.

Мікола: Усе ж ведаюць такое, што мастак працаваў, а прыйшоў настаўнік – і ўсё сапсаваў. Многія сталыя творцы хацелі б вярнуцца ў той час чыстай творчасці, калі яшчэ ніхто на іх не ўплываў.

Наталля: Коля паступіў у Віцебск, і ўсе пяць год мы падтрымлівалі сувязь. Я паехала ў вучэльню ў Магілёве, дзе была мастацкая студыя. Калі закончыла, пайшла на завод па вырабе лаўсану. Аказалася, што там ёсць студыя выяўленчага мастацтва. Вось там я займалася, яшчэ і прыватныя ўрокі брала.

Мне падабаецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – рабіла паштоў­кі, дыванкі, лямпы вязаныя. І паехала абараняцца ў Мінск. А да гэтага ўдзельнічала ў рэспубліканскай выставе сама­дзейнай творчасці мастакоў. Мая праца называлася “Артэрыі камбіната”.

Усе казалі – ну, што там цікавага ў заводах, а для мяне гэта было штосьці незямное, з мноствам труб. Вось іх у карціне паказала.

На сценцы партрэт Наталлі ў маладосці, намаляваны Міколай Аўчыннікавым.

На сценцы партрэт Наталлі ў маладосці, намаляваны Міколай Аўчыннікавым.

Абаранілася, далі мне кніжачку, што маю права выстаўляцца. Але я творчасцю займалася для сябе. Пасля пайшла на працу ў “Будсэрвіс”, дзе адпрацавала 25 год дызайнерам 9 разраду. Напачатку была мастаком-афармляльнікам. Работы было поўна.

Аздабляла ленінскі пакой, дзе адпачывалі. Калі Савецкі Саюз развальваўся, у нас арганізаваўся цэх па вырабе помнікаў. І я 10 год там адпрацавала, зрабіла дзесьці 500 надпісаў на помніках. Рукі ўмацавала – надпісы трэба было выбіваць на мармуры ці мармуровай крошцы.

Пасля пачала распрацоўваць інтэр’еры для розных устаноў.

Мікола: 42 гады ра­зам. Ні разу не пасварыліся, і гэта не дзякуючы мне (смяецца).

Наталля: Кажуць, што ў кожнай сям’і сварацца. А на мяне гля­дзяць з недаверам: “Як гэта не пасварыцца ні разу”. Ну чаго сварыцца – жывём, працуем.

Мікола: Пасля заканчэння пакідалі мяне на кафедры. Але як размяркоўвалі, пыталіся, куды паеду. А сястра жыла ў Мядзеле і раіла пераязджаць у Маладзечна – някепскі горад, недалёка і Мінск, і Вільня. І я, ні разу тут не быўшы, так і бабахнуў.

Мастакі ў той час афармлялі інтэр’еры і экстэр’еры, а таксама рабілі шмат нагляднай агітацыі. Мастак быў запатрабаваны, на яго звярталі ўвагу, таму ў нейкім сэнсе савецкі час можна прыгадаць з настальгіяй. Як сябру Саюза мастакоў выдзялялі кватэру з дадатковым пакоем пад творчы кабінет. Цяпер мастакі як умеюць, так і выжываюць.

У нас усё было заснавана на рэалізме, які затармазіў развіццё. Сёння ж далі столькі свабоды, што некаторыя разгубіліся, і цяпер цяжка разабрацца, дзе заканчваецца мастацтва.

На мальберце працы Наталлі.

На мальберце працы Наталлі.

Ад карціны ледзь не страціла прытомнасць

Наталля: Мы вялікіх мастакоў пабачылі ў замежных выставах. Калі я зайшла ў Галандыі ў музей і калі ўбачыла карціну “Мяніны” Веласкеса, то думала, што страчу прытомнасць. Мне падавалася, што яны зараз выйдуць да мяне і нешта скажуць. Далей была праца Рэмбрандта “Начны дазор”, і ўсе наведнікі накіраваліся туды. Але па дарозе я ўбачыла кухонны галандскі стол, якому больш за 500 год. А на ім усе зарубінкі і драпінкі. Я не магла адысці ад гэтага стала – колькі гаспадынь стаяла, працавала за ім.

Да прыгожага сябе трэба прывучаць. У Кракаве я не магла адарвацца ад “Дамы з гарнастаем”, а Ван Гог у Брэмене – проста неверагодна. Здаецца, і ў кніжках бачыла гэтыя работы, але ў жыцці такое святло ад гэтых прац! Калі ёсць магчымасць пабачыць любую выставу, трэба ёй скарыстацца. Бо нейкі момант, нейкая частка карціны нагадае штосьці з вашага жыцця.

Мікола: Вось, напрыклад, “Чорны квадрат”. Каштоўны не сам квадрат, а яго філасофія. Малевіч давёў жывапіс да пэўнай кропкі. У гэтым квадраце ён заглыбіў усе сюжэты і ўсе фарбы. І сусветны авангард пайшоў з Віцебска.

Наталля: А мы верылі ў камунізм.

Мікола: Гатовы былі рубель паслаць беднаму негру, які ў Амерыцы на лаўцы спіць, газетай прыкрыўшыся.

Імпрэсіяністы малявалі сваё ўражанне і называлі рэалістаў вартымі жалю пераймальнікамі прыгодамі. Маўляў, колькі можна маляваць тую бярозку, выйдзі на вуліцу, яна ўсё роўна будзе прыгажэйшай. Яны лічылі, што выява тое, што ў галаве мастака і ёсць адзінае сапраўднае мастацтва, таму што ідзе ад творцы. А рэалісты перамалёўваюць – хто лепш, хто горш, але застаюцца рабамі натуры.

Каля твора Міколы Аўчыннікава.

Каля твора Міколы Аўчыннікава.

Што ты хацеў сказаць?

Наталля: Вядома, што непадрыхтаваныя людзі не заўсёды могуць ацаніць мастацтва. Як і з класічнай музыкай – не ўсім яна даспадобы. Але звычайна кажуць тактоў­на, што не разумеюць.

Мікола: А мастакоў заўсёды ставяць да сценкі: “Што ты хацеў сказаць?” Да музыкантаў вось няма такой прэтэнзіі.

Толькі ў мастацтве чалавек можа быць вольным. Гэтая свабода і прываблівае іншых да работ творцы. Усё астатняе падпарадкоўваецца грамадству.

Наталля: І на пенсію можна не выходзіць, пакуль пэндзаль можаш трымаць.

У Міколы працы вялікія, у мяне маленькія. Ён, мабыць, і не бачыць, як я працую. Ён любіць вялікі чысты белы аркуш паперы, а я такіх лістоў баюся. Мы з сястрой у дзяцінстве глядзелі на аблокі і расказвалі, што ў іх бачылі. Таму я спачатку ліст фарбую сваім спосабам, каб ён быў, як тыя аблокі. І тады гляджу і бачу, што з яго можа атрымацца – там кветка, там матылёк. Часам атрымліваецца нешта фантазійнае. Аднойчы атрымаліся кветкі, якіх ніколі не бачыла. Прыехалі ў Швецыю – а там тая кветка, якую я намалявала.

Мікола: У 90-ыя часта запрашалі на мастацкія сустрэчы ў Еўропу. Ездзілі разам з Наталляй. А ў савецкія часы таксама часта ездзіў ў творчыя паездкі – Львоў, Салаўкі, Арменія, Арарат пабачыў. Мікалай ІІ двойчы быў у гэтах мясцінах, але яму Арарат не адкрыўся – былі туманныя дні, і ён сказаў: “Ты мацней мяне”. А я, таксама Мікалай, прыехаў, і мне адкрыўся. А цяпер па-старыкоўскі, успамінамі можна жыць.

Мастакі гартаюць партфоліа Міколы.

Мастакі гартаюць партфоліа Міколы.

– Ці спакойна адпускалі ў такія камандзіроўкі?

Наталля: Канешне.

Мікола: Абсалютна, і я гэтым вельмі задаволены.

Хто ўшануе “залаты час” Маладзечна

– Як выбіралі назву выставы?

Мікола: Наша жыццё ідзе па кругу. І за жыццё круг замыкаецца. Хаця кажуць, што ўсё развіваецца па спіралі, але мы ж за сваё кароткае жыццё спіраль не бачым.

У Наталлі цяпер такі занятак – расаду даглядаць. Увесь балкон застаўлены, і на падваконні яшчэ. Называе кветкі сваімі сябрамі. Пасля іх на лецішчы пасадзіць, яны зацвітуць, пазней звянуць. Але я іх намалюю і захаваю. Так што яна вырошчвае мне занятак на лета.

Мы ніколі не збіраліся набываць лецішча. Я казаў, што любая нерухомасць звязвае рукі чалавеку, а Наталля баялася любых казурак. Але з узростам чалавека цягне да зазямлення.

Наталля: Хаця і вырасла ў вёсцы, ад кожнага чарвячка ці жучка ўзрыгваю.

Мікола: Сын Альберт на лецішча прывозіць свайго лабрадора, а ён, калі радуецца, то і паскача па градах. Унук Арцём падрос, таксама з лапаткай будзе змагацца.

– Вы цяпер найстарэйшы мастак Мала­дзечна?

Мікола: Дзякуй богу, не, ёсць яшчэ Алесь Пашкевіч. Але можна толькі з настальгіяй прыгадваць “залаты час” Маладзечна, калі на любой выставе ў Мінску здзіўляліся, наколькі моцны ў нас мастакоўскі асяродак, і казалі: “О, ну гэта Мала­дзечна прыехала” – Васіль Лазоўскі, Кастусь Харашэвіч, Юры Герасіменка, Ядвіга Раздзялоў­ская… А ў той жа час працавалі Ермаловіч і Каханоўскі! Што быў за час!

– Як Маладзечну павярнуць культуру да мастацтва?

Мікола: Для гэтага трэба цэнтр, вакол якога фарміравалася б асяроддзе. Я калі прыехаў у горад, то казалі, што няма грошай на мастацкую галерэю. 42 гады прайшло, а грошай усё няма. За 42 гады нельга знайсці магчымасць арганізаваць такі цэнтр?

Наталля: І калі прыязджаеш у новы горад, вядома, хочаш паказаць самае лепшае – творы мастацтва. А куды гасцей нашага горада звадзіць?

Мікола: Ёсць пляцоў­кі, дзе ладзяць выставы, але менавіта галерэя – зусім іншае, гэта іншы ўзровень для горада. Ну і, вядома, у Год культуры мы чакаем выдання каталога мастакоў Мала­дзечаншчыны.