Лялькі з’яўляюцца любімымі цацкамі любой дзяўчынкі. Яны гадзінамі могуць бавіць час за тым, каб апранаць сваю прыгажуню, ствараць разнастайныя ўборы і прычоскі.
З узростам з’яўляюцца новыя зацікаўленні, заняткі, таму лялькі і ранейшыя цацкі застаюцца толькі ўспамінам дзяцінства.
Аднак не ў выпадку Алены Вайценкі. Жанчына ў вольны час займаецца тым, што робіць разнастайныя па памеры, форме лялькі.
– Гадоў пяць таму захацела зрабіць ігольніцу-кветку, – расказвае жанчына. – Пачала шукаць у інтэрнэце ідэі і наткнулася на мноства іншых, як робяць абадкі, гумкі, заколкі з атласных стужак для валасоў у тэхніцы японскіх рамеснікаў “канзашы”. І тут, напэўна, прачнулася мая творчая натура – самой захацелася зрабіць нешта падобнае. Таму гадоў пяць раблю гэтыя рэчы. Пасля ў інтэрнэце дазналася, як можна рабіць лялькі з тканіны і капрону, занялася і гэтым.
Алена Вайценка ў вольны час займаецца тым, што робіць разнастайныя па памеры, форме лялькі. Фота забяспечанае Аленай Вайценкай.
Для лялек складана знайсці сінтэпон
Алена робіць лялькі з ільняной тканіны, з трыкатажу, капронавых калготак – у кожнай жанчыны іх дастаткова, з’явілася дзірачка – лічы новы матэрыял для лялькі.
Каб лялька мела форму, унутр матэрыялу кладзецца сінтэпон.
– Калі толькі пачынала рабіць лялькі, вельмі складана было знайсці сінтэпон, – дзеліцца жанчына. – У аграгарадку Сінькі, дзе жыву, толькі два магазіны, і тыя прадуктовыя, таму даводзіцца набываць сінтэпон у Смаргоні. Але і тут не заўсёды знойдзеш, а калі ўжо натраплю, то набываю ў запас.
Пасля гэтага пры дапамозе нажніц, нітак ляльцы надаецца пэўная форма.
Як адзначае жанчына, складана рабіць лялькі толькі напачатку, калі налаўчыцца, то атрымліваецца і за дзень. Цяжка працаваць над тварам лялькі. Напрыклад, калі робіш бабульку альбо дзядулю, твар трэба зрабіць маршчыністым, калі робіш маладую дзяўчыну, то твар робіцца па-іншаму.
Усе аксесуары для сваіх лялек: пацеркі, бранзалеты, Алена набывае ў магазінах.
– Шкада, што ў школе ў мяне не атрымалася навучыцца вязаць, – распавядае жанчына. – Я ляўша, таму калі пачынала вязаць, то атрымлівалася ў адваротны бок, нічога не выходзіла. Аднак вязаныя рэчы для лялек мне дапамагае рабіць свякроў. Яна вяжа манжэты пруткамі розных памераў, а я іх сшываю і атрымліваюцца кофты, шапкі. Адзенне з тканіны для лялек раблю сама.
Акрамя звычайных лялек жанчына робіць абярэгі. Напрыклад, шчасце і дабрабыт у доме сям’і Вайценкі ахоўвае дамавы.
Усе лялькі дару сваякам
Усе вырабы, якія робіць майстрыха, яна дорыць сваякам, родным і знаёмым. Многія просяць прадаць лялькі, якія спадабаліся, аднак яна адмаўляецца ад такіх прапаноў.
– Напэўна, не маю камерцыйнай жылкі, – усміхаецца Алена. – Калі пытаюцца пра цану, то заўсёды бянтэжуся, узнікае адчуванне няёмкасці, не магу ацаніць свае работы. Калі ж прадам, то буду перажываць, ці спадабалася лялька чалавеку. Таму раблю ў сваё задавальненне. Магу памяняцца з іншымі майстрыхамі, якія робяць тое, чаго не ўмею я.
Работы Алены можна было ўбачыць на парадзе Дзядоў Марозаў у Смаргоні, вялікая лялька ў зялёнай сукенцы вісела на ёлцы, таксама на выставе ў Палацы культуры ў аграгарадку Сінькі. А яшчэ ў школе, дзе вучыцца яе старэйшы сын, калі праходзяць кірмашы.