Чытач звярнуўся ў рэдакцыю, каб ва ўнітарным прадпрыемстве “Відзеўшчына” вырашылі непрыемную сітуацыю.

“Добры дзень, шаноўная “Рэгіянальная газета”. Звяртаюся да вас ад імя 90-гадовага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Фёдаравіча Купрыновіча.

Ветэран дажывае свой век у вёсцы Відзеў­шчына. З ім я пазнаёміўся падчас сустрэчы пры правядзенні акцыі “Тут жыве ветэран”.

Убачыўшы, у якім суседстве апошнія гады жыве ветэран, мне сорамна было замацоўваць адпаведную шыльду на яго доме.

Ён жыве непадалёк ад фермы УП “Відзеўшчына”. Змесціва гнаясховішча выходзіць з накапляльніка і зацякае на падворак і агарод.

Падчас сустрэчы Аляксандр Фёдаравіч паказаў адказы на звароты ў Маладзечанскі райвыканкам.

У 2012 годзе прыязджала камісія, якая ўстанавіла, што “Меў месца пераліў вадкай арганікі з пляцоўкі-накапляльніка малочнатаварнай фермы ў Відзеў­шчыне. Дадзенае даручэнне кіраўніку фермы тэрмінова прыняць меры па своечасовай ачыстцы накапляльніка ад арганікі”.

У наступны выезд у 2013 годзе прадстаўнікі райвыканкама не зарэгістравалі перапаўнення гнаясховішча на дату выезду – яго не было, і далі ўказанне кіраўніцтву фермы трымаць сітуацыю на кантролі і своечасова чысціць гнаясховішча. Аляксандр Фёдаравіч кажа, што пра прыезд камісіі на ферме ведалі, таму паспелі пачысціць гной.

Але праблема не знікае і сёння.

Хочацца спадзявацца, што ветэрану зробяць падарунак і забяспечаць свежае паветра і чыстую зямлю ва ўласным двары”.