У вёсцы Нарач (Кабыльнік) 29 красавіка прайшоў сход па абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе фермы на 1800 кароў. Яе плануюць размясціць паміж вёскамі Нарач і Швакшты.

Гэта быў ужо другі сход, і, як аказалася, не апошні. У ім удзельнічалі  прадстаўнікі мясцовай улады, распрацоўшчыкі і заказчыкі праекта, экалагічная і мясцовая грамадскасць.

На сходзе сярод іншых узнімалі пытанне, куды падзенуць вялікія аб’ёмы гною, які назапасіцца ў лагунах-гнаясховішчах.

Рэгіянальны каардынатар грамадскай экалагічнай інспекцыі “Зялёны дазор” Ігар Пастухоў па-ранейшаму лічыць, што ў праекце не прапісаныя мінімальныя рызыкі тэхнагеннага характару, чалавечага фактару і шляхі іх пераадолення. І дадае:

– У цэлым абмеркаванне прайшло прадуктыўна, з карысцю для ўсіх бакоў. Грамадскасць пачула і пагадзілася са справядлівымі заўвагамі, распрацоўшчыкам праекта прапанавалі паспець выправіць іх і падрыхтавацца да наступнага раўнда слуханняў 13 мая.

Так што, вырашылі правесці яшчэ адзін сход.

–  Ён патрэбны, каб даць больш падрабязныя адказы на запыты эколагаў і грамадскасці, – кажа эканаміст таварыства “Нарацкая Ніва 2004” Яўген Кудрук. – Дадуць адказ па аб’ёмах гною, што будзе назапашвацца, ды іншых. Напрыклад, праектам прадугледжаная кацельня на цвёрдым паліве. Эколагі прапаноўвалі выкарыстоўваць біягазавыя ўстаноўкі на метане. Тэхнолагі правядуць неабходныя разлікі і зробяць заключэнне аб мэтазгоднасці такіх зменаў у праекце. І ўлічылі просьбу сабраць наступны сход у непрацоўны час –  у 18:00.