Пагутарыць з Анастасіяй Сарокай, якая на “Міс Беларусь” прадстаўляе Мала­дзечна, цяпер не так проста. Ад самай раніцы да позняга вечара, без выхадных, яна занятая падрыхтоўкай да конкурсу. 

Стэлефаноўваемся дзесьці каля 23 гадзін, але Анастасія адказвае бадзёрым голасам, падчас гутаркі не пазяхае і быццам бы зусім не стомленая.

– Чым занятыя цяпер увесь дзень?

– Цяпер занятая ад 9 раніцы да 10 вечара. Дэфіле, харэаграфія, выязныя здымкі, фотасесіі, відэапраекты. Але асноў­нае – харэаграфія і дэфіле.

– Складана?

– Мне не ўпершыню, таму нічога асабліва складанага для мяне няма. Кожны дзень без выхадных – вось гэта, мабыць, самае цяжкае.

Я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, спявала ў хоры, прафесійна займалася вакалам. Дзесяць гадоў хадзіла на бальныя танцы. Бацькі кажуць, я ўжо ў тры гады танцавала і спявала ў садку, хаця сама гэтага не памятаю. Добра, відэа захавалася.

Таму падрыхтоўка – занятак вельмі цікавы. Тым больш, што ў мяне атрымоўваецца. Тое, што танцамі займалася, вельмі дапамагае. Хутка цямлю. Цяпер змагаюся з няўпэўненасцю, якая з’яўляецца, калі трэба гаварыць у камеру. Вучуся быць сапраўднай. Цудоўна, што з намі працуе пазітыўная каманда.

Фота Таццяны Сушчэні.

Фота Таццяны Сушчэні.

– Думалі калі-небудзь пра тое, каб паў­дзельнічаць у такім конкурсе?

– Ніколі пра гэта не думала. Калі мяне запрасілі ўзяць удзел у прэзідэнцкім балі на Стары Новы год, дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці, якая рыхтавала нас, прапанавала паўдзельнічаць у “Міс Беларусь”. Я тады сказала, што нават не думала пра гэта. Але пасля думка ў маёй галаве пачала рабіцца ўсё больш навязлівай. Прытым, што і сяброўка Аня Собалева захацела паў­дзельнічаць, і мы разам пайшлі і трапілі ў фінал.

– Раней удзельнічалі ў падобных конкурсах?

– Сёлета 4 сакавіка ўдзельнічала ў “Міс МДЛУ”. Стала першай віцэ-міс. Гэта была добрая падрыхтоўка перад “Міс Беларусь”. Мой такі невялічкі старт.

– Што ўкладаеце ў паняцце жаночай прыгажосці?

– Гэта не толькі знешняя прыгажосць. Цяпер цэніцца ўнутраная прыгажосць. Адукацыя і самаадукацыя, інтэлігентнасць, выхаванасць, маральныя каштоўнасці. Тое, як дзяўчына сябе падае.

– Як ставіцеся да конкурсу “Міс Мала­дзечна”? Ці сочыце, як там ідзе падрыхтоўка?

– Шчыра, не сачу. Проста няма часу, каб цікавіцца. Але колькі гадоў таму ў ім удзельнічала мая сяброўка Мілона Міхайлава, яна тады стала першай віцэ-міс. Тады я яе падтрымлівала, назірала, як праходзіў конкурс: на досыць высокім узроўні. 

– Як сям’я адрэагавала на тое, што бераце ўдзел у такім конкурсе?

– Пра мой удзел у адборы ведалі толькі маці з бацькам. Больш нікому з родных і сяброў не гаварыла. Першы адбор праходзіў 13-14 лютага. Я прыйшла ў першы дзень.

Спачатку было сумоўе, на якім мяне папрасілі на роднай мове распавесці пра ўніверсітэт. Я справілася. Кагосьці прасілі распавесці пра Еўфрасінню Полацкую ці Грунвальдскую бітву.

Карацей, пытанні былі розныя і нечаканыя для нас. Потым было дэфіле ў купальніках, фотасесія. Прыкладна праз месяц нам патэлефанавалі і сказалі, хто трапіў у 40 тых, якія прайшлі ў наступны этап адбору. А пасля ўжо на тэлеканале ОНТ адабралі 25 фіналістак.

– Дзеля чаго ўдзельнічаеце ў конкурсе?

– Гэта вялікі гонар прадстаўляць на конкурсе невялікі горад. Гэта як доказ таго, што дзяўчаты з невялікіх гарадоў таксама таленавітыя і прыгожыя і могуць змагацца за тытул з мінчанкамі.

Тут выбіраюць ідэал жаноцкасці і прыгажосці. За намі ўвесь час назіраюць: не толькі праз аб’ектывы фотакамер, але і тады, калі нас ніхто не здымае. Гэта, можа, яшчэ больш важна, чым тое, як мы сябе паводзім перад камерай.

Конкурс – гэта яшчэ адзін крок, які дапаможа перамагчы ўсе страхі і комплексы, якія ёсць амаль у кожнага чалавека. Будзем ісці толькі наперад!

– Дыеты, фітнес-клубы – гэта пра вас?

– Не магу сказаць, што ўвесь час сяджу на дыетах, але імкнуся харчавацца правільна, не злоўжываць салодкім, хаця часам вельмі хочацца.

Фітнес – гэта толькі як падтрымка формы. Схуднеласцю сёння нікога не здзівіш. А вось прыгожым целам здзівіць можна.

– Што чыталі апошнім часам?

– Паколькі я вучуся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, то чытаю тое, што трэба рыхтаваць да экзаменаў. З апошняга “Партрэт Дорыяна Грэя” Оскара Уайльда і “Гонар і прадузятасць” Джэйн Осцін у арыгінале.

– Збіраецеся працягнуць мадэльную кар’еру?

– Калі будзе атрымлівацца, то так. Магчыма, паспрабую папрацаваць на тэлебачанні. Цяпер у тыдні моды ўдзельнічаю. Увогуле, усё па­чалося ў пачатку мінулага года. Праходзіў паказ “Керамін – 2015”, я прыйшла на кастынг, мяне ўзялі. Пасля па­чалі запрашаць у мадэльныя агенцтвы, але я да іх не даходзіла. Больш удзельнічала ў рэкламных праектах. Вось калі адабралі для ўдзелу ў беларускім тыдні моды, тады стала больш заўважнай і для фатографаў, і для дызайнераў, і ўсё больш і больш прапаноў атрымоўваю.