Пытанне пра старт малога памежнага руху (МПР) на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай граніцах вісіць у паветры з 2010 года. Беларускі бок дагэтуль не ратыфікаваў дамову і не даслаў у суседнія краіны дыпламатычную ноту.

Чаму так адбываецца, адказваюць эксперты.

Гжэгаж Грамадзкі, эксперт па пытаннях Усходняй Еўропы фонду імя Стэфана Баторыя (Польшча):

– Пакуль Украіна і Грузія сёлета падпісваюць дакументы аб адмене віз, Беларусь ужо шосты год не можа распачаць МПР. Гэта пытанне выключна палітычнае: у зону МПР уваходзяць буйныя гарады Брэст і Гродна, беларуская эканоміка панясе эканамічныя страты, калі мільён жыхароў пачне ездзіць у суседнія краіны.

На жаль, пры сённяшняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі я не бачу магчымасці нешта змяніць у гэтым пытанні. Адзінае, што можа рабіць грамадскасць – звяртацца да чыноўнікаў з просьбамі і патрабаваннямі, падымаць пытанне аб старце МПР і адмене віз, паказваць, што гэта важна для людзей.

Беларускі пашпарт мае 22 старонкі, прызначаныя пад візы – у актыўных падарожнікаў яны запаўняюцца пячаткамі праз пару гадоў. Пашпарты краін ЕС маюць ад 46 да 100 старонак у залежнасці ад краіны.

Алесь Герасіменка, эксперт кампаніі “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!”:

– Ёсць меркаванне, што ў нас недастаткова памежнай інфраструктуры, каб пачаць МПР. Нібыта столькі людзей захоча перасякаць мя­жу, што існуючыя памежныя пункты не справяцца з патокам. Але, па-першае, не ўсе жыхары памежжа змогуць атрымаць дазвол на МПР. Яго атрымаюць толькі тыя, хто дакажа свае кроўныя, культурныя ці працоўныя сувязі з памежжам суседняй краіны. Па-другое, большасць жыхароў памежжа і так рэгулярна перасякае мяжу па візе, таму паток людзей наўрад ці істотна павялічыцца.

Як паказвае досвед Украіны і Расіі, у якіх ужо дзейнічае МПР з Поль­шчай, памежнікі спраў­ляюцца з працай без адкрыцця дадатковых пунктаў пропуску.

Па дадзеных Еўракамісіі, беларусы цягам апошніх гадоў выдаткавалі на візы 200 мільёнаў еўра.