Форум “Час жыць” пачаўся 13 мая ў Палацы культуры. Каторы год у Маладзечне праводзіцца гэтае мерапрыемства, і кожны раз яно збірае шмат прыхільнікаў.
Форум пачаўся з прагляду арыгінальнай інсталяцыі “Чалавек: вымярэнні жыцця”. Чалавечыя фігуры, зробленыя з дапамогай розных матэрыялаў, стаялі ўсюды. Гледачоў групамі вадзілі па паверхах ды расказвалі пра кожнае з іх. Усяго былі прадстаўленыя чатыры вымярэнні.
Фізічнае адлюстроўвае прыродны і матэрыяльны свет, які ствараюць людзі. А таксама чалавечае цела і адносіны да яго, здароўе.
У сацыяльным вымярэнні паказаныя ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Насупраць абрысаў ў выглядзе сям’і знаходзіліся фігуры, ў якіх замест галоў была тэхніка. Як распавяла валанцёр, ўсялякія гаджэты моцна ўплываюць на сацыяльныя адносіны, бо перацягваюць увагу на сябе.
Вымярэнне духоўнае – гэта нашы прынцыпы, жаданні і вера, карацей, тое, чым жывуць людзі. І мы можам самі насычаць свет, чым жадаем.
Асабістае адлюстроўвала ўнутраны свет чалавека, яго адносіны да сябе, пазнанне і пераўтварэнне сябе. Гледачы маглі пабачыць каменную сцяну з пустой прасторай ў выглядзе чалавека пасярэдзіне. Праз яе можна было прайсці, каб забыцца пра праблемы. Бо чалавек сам вольны абіраць свой шлях.
Таксама наведвальнікі маглі заўважыць шклянку з рознакаляровымі лісткамі, якія былі звёрнутыя, быццам світкі. Да прыкладу, у маім апынулася цытата Гётэ “Адметная ўласцівасць чалавека – жаданне абавязкова ўсё пачынаць спачатку”.
– Ідзеш па Палацы культуры, здавалася б, чым чалавека можна здзівіць? Але гэта ўдалося, – ацаніла начальнік аддзела па ідэалогіі і культуры па справах моладдзі Маладзечанскага райвыканкама Алеся Лукоўская.
Валанцёр Ангеліна Чурыніна.
Дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока.
Арганізатар фестывалю Марына Валасковіч.
Група студэнтаў універсітэта культуры і мастацтва.
Паэтэса Ніна Лістота.