У выставачнай зале імя Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея 18 мая а 16 гадзіне адбудзецца творчая сустрэча з беларускім літаратуразнаўцам, крытыкам, публіцыстам прафесарам Адамам Мальдзісам і вядомым культуролагам і мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім.

Пройдзе яна ў межах міжнароднага Дня музеяў і Года культуры.

Галоўнай тэмай творчай дыскусіі стане развіццё беларускага мастацтва.

Даведка:

Адам Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 года у вёсцы Рассолы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў адказным сакратаром у Радашковічскай раённай газеце “Сцяг Ільіча”.

У 1959 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, пасля вучобы з 1969 года працаваў навуковым супрацоўнікам. У 1963 годзе абараніў дысертацыю. У 1986 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.

У 1990 годзе быў у складзе дэлегацыі БССР і удзельнічаў у працы 45 сесіі ААН.

Адам Мальдзіс напісаў і выдаў шэраг кніг па гісторыі беларускай літаратуры. Былі яго публікацыі і ў “Рэгиянальнай газеце”.

Сяргей Харэўскі – гісторык мастацтва і архітэктуры, культуролаг, мастак і літаратар.

Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР, аспірантуру Беларускай Акадэміі мастацтваў.

Выкладаў у Віленскім педагагічным універсітэце, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сааўтар праектаў “Беларуская Атлантыда”, “Наша страва” і інш.