Чысціць зубы нас навучылі. А вось чысціць псіхіку ад стрэсаў – неяк забылі. Высвятляем, як і дзе трэба выпускаць пару, каб заўсёды быць у тонусе і не губляць адчування радасці. 

Па статыстыцы, да кабінета псіхатэрапеўта даходзіць не больш за 30% усіх хворых на псіхічныя расстройствы. “РГ” прыйшла на прыём да загадчыка Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансера доктара-псіхіятра-нарколага Аляксандра Бажко і папрасіла патлумачыць, што за хваробы хаваюцца за псіхічнымі расстройствамі, калі трэба пачынаць іх баяцца і, галоўнае, як іх убачыць, пакуль не позна лячыць.

Розныя эмоцыі – гэта нармальна

Неўроз – вельмі распаўсюджаная з’ява. Часта людзі гадамі жывуць у пастаянным стрэсе. Яны самі сябе даводзяць да гэтага стану, самі правакуюць зрыў.

Натуральнае пытанне: што мы робім для прафілактыкі? Кожны з нас ведае, як чысціць зубы. Ведае, што гэта трэба рабіць два разы на дзень. Нас да гэтага прывучаюць з дзяцінства, і мы гэта робім.

Пра псіхапрафілактыку мала хто ведае. І ўвогуле пра сферу эмоцый. Раней гэтаму не вучылі.

Сёння ўжо ў дзіцячых садках расказваюць пра розныя эмоцыі. Дзецям прапаноўваюць на пачатку дня, калі яны прыходзяць, паставіць фішку на востраў, які адлюстроўвае іх стан. Напрыклад, на востраў гора ці востраў радасці. Калі выхавальнік бачыць, што дзіця сёння знаходзіцца на востраве гора, гэта сігнал, што з ім варта пагутарыць, паспрабаваць яму дапамагчы.

Эмоцыі трэба “адрэагаваць”

Узгадваю адну гісторыю, якая здарылася, калі мой сын хадзіў у садок. У адны выхадныя мы разам праводзілі час. Ён пачаў сваволіць, і я на яго прыкрыкнуў. Гляджу – задрыжэла ніжняя губа, з’явілася сляза, і ён пайшоў да сябе ў пакой. Я тады падумаў: вось жа ведаю шмат пра псіхатраўмы дзяцінства, а свайму сыну яе наношу. Вырашыў схадзіць да яго прагаварыць сітуацыю.

Прыадчыняю дзверы ў пакой, а ён ляжыць на канапе і з усёй сілы калоціць па ёй. Я напружыўся, спытаўся, што з ім. Ён зусім спакойна павярнуўся і адказаў: “Не перашкаджай, я эмоцыі “адрэагоўваю”!” Яму тады было гады чатыры, ён яшчэ картавіў. Я сказаў: “Добра. Скончыш, прыходзь да мяне”.

Тое, што ў садках, у школах цяпер працуюць псіхолагі, гэта вельмі правільна. Дзеці разумеюць, што можна злавацца, але з гэтымі эмоцыямі трэба нешта рабіць. Ім даюць канкрэтныя інструменты: легчы і пабарабаніць рукамі па канапе ці пакалаціць спецыяльную грушу альбо падушку. Укладаюць разуменне, што эмоцыі трэба “адрэагаваць”.

Псіхапрафілактыка – гэта штосьці пра гэта. Пра тое, як навучыцца жыць са сваімі эмоцыямі, дзе, калі і як іх трэба выпускаць.

Знешне па чалавеку можа быць не бачна, што з ім нешта не так, але ён можа адчуваць напружанасць, раздражнёнасць, можа зрывацца на іншых. Альбо хоча сарвацца, але стрымлівае сябе, што яшчэ горш. Гэтыя праблемы звычайна маюць людзі, якія займаюць кіруючыя пасады і ўвесь час вырашаюць канфлікты. Гэтак жа падобныя праблемы могуць мець і падначаленыя, якія часцяком падаўляюць свае эмоцыі. Начальніку ж не заўсёды можна сказаць, што ён не мае рацыі. Правільна, трэба сябе стрымліваць, але калі нікуды эмоцыі не выпускаць, яны пачнуць бушаваць унутры. Часта гэта правакуе артэрыяльную гіпертэнзію, інфаркты, інсульты.

Тыповы партрэт пацыента з інфарктам міякарда: актыўны, працавіты, амбіцыйны мужчына 40-65 гадоў. Ён скіраваны на дасягненне пастаўленай мэты. Як вынік – паспяховасць, сярэдні дастатак. Калі церпіць няўдачу, становіцца больш актыўным. Яго паводзіны становяцца эгаістычнымі і агрэсіўнымі.

На фоне доўгай і мэтанакіраванай працы на знос, звышурочнага графіка працы і недасыпання гэты шэраг няўдач непазбежны. Ён пачынае на іх злавацца. Няўдачы расцэньвае як пройгрыш, слабасць. Ён спрабуе працаваць яшчэ больш актыўна, але раздражняецца сам на сябе, падаўляе агрэсію. Кіпіць, напружваецца і стрымліваецца. Вось крок ад неўрозу да рэальнай хваробы. 

Што рабіць

Адказ вельмі просты: вучыцца. Каб есці мяса, трэба мець моцныя зубы. Каб мець моцныя зубы, трэба вучыцца іх чысціць. І да стаматолага на дарагое лячэнне не давядзецца ісці.

Ніколі не позна звярнуцца да доктара ці спецыяліста і атрымаць кансультацыю. Да псіхатэрапеўта можна прыйсці з рознымі праблемамі. Напрыклад, калі вы не знаходзіце ўзаемаразуменне са сваімі дзецьмі. Альбо калі вашы адносіны з жонкай ці мужам зайшлі ў тупік ці калі вы нешта не можаце падзяліць. Прыходзьце і кажыце: “Я злуюся, мы сварымся апошнія два месяцы!” Спецыяліст вас выслухае і, магчыма, дапаможа разабрацца ў сітуацыі і знайсці правільнае выйсце.

Бывае, напрыклад, у сям’і заведзена, што муж ніколі не саступае жонцы. Ніколі не прызнае, што не за ім праўда. Дзіця, якое расце ў такой сям’і, потым пераносіць мадэль гэтых адносінаў на сваю ўласную сям’ю. З гэтага можа вынікаць шмат праблем. Над гэтым трэба працаваць, варта размаўляць, гля­дзець на рэчы рацыянальна. Хочаце сваю сям’ю будаваць іначай, давайце так і рабіць. Што здарыцца, калі вы зробіце штосьці не так, як звычайна? І далей мадэляваць уяўную сітуацыю.

Ці, да прыкладу, муж злуецца на халодную вячэру. А што перашка­джае прыходзіць дадому своечасова? Трэба балансаваць свае і грамадскія інтарэсы, тады і праца будзе больш эфектыўнай, і з’явіцца час парадаваць родных.

Гады тры таму да мяне на кансультацыі хадзілі і маці, і дачка. Але яны ніколі не перасякаліся. Прыкладна паўтара года яны выбіралі розны час. Адна адной пра сваё рашэнне хадзіць да псіхіятра не казалі. Аднойчы яны сустрэліся перад маім кабінетам. І гэтая сустрэча – нямая сцэна. Толькі здзіўленае: “І ты?”

Але гэта потым спрасціла іх стасункі, дапамагло знайсці паразуменне. 

Даведка “РГ”. Аляксандр Бажко. Нарадзіўся ў Маладзечне. Скончыў маладзечанскую СШ №2 з залатым медалём.

Вучыўся на медыка-псіхалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (1997-2003 г.), скончыў з чырвоным дыпломам. У 2001 годзе прайшоў медыцынскую практыку ў Гданьскай медыцынскай акадэміі.

Атрымаў падрыхтоўку па гештальт-тэрапіі Маскоўскага гештальт інстытута. Прайшоў інтэрнатуру і спецыялізацыю на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, пасля заканчэння якой яму прысвоілі кваліфікацыю доктара-псіхіятра.

Ад жніўня 2004 года працаваў у Маладзечанскім псіханеўралагічным дыспансеры на пасадзе доктара-псіхіятра-нарколага. Па сумяшчальніцтве працаваў доктарам-псіхіятрам выязной псіхіятрычнай брыгады станцыі “хуткай дапамогі”, а таксама доктарам-псіхатэрапеўтам. Выкладаў у медыцынскім каледжы.

У 2013 годзе скончыў клінічную ардынатуру на кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па псіхіятрыі-наркалогіі.

Ад 2013 года загадвае псіханеўралагічным дыспансерам, галоўны пазаштатны доктар-псіхіятр-нарколаг Маладзечанскага раёна. У 2014 годзе яго прызналі лепшым доктарам-псіхіятрам Мінскай вобласці,  а таксама лепшым доктарам-псіхіятрам Беларусі.

Па выніках работы за 2015 год Маладзечанскі псіханеўралагічны дыспансер прызнаны лепшай установай аховы здароўя ў Маладзечанскім раёне.