Напрыканцы першага дня фестывалю “Часу жыць” 13 мая ва ўнутраным дворыку музычнага вучылішча адбыўся начны кінапаказ. І каб гледачы не змерзлі за праглядам фільмаў пад адкрытым небам, ў сярэдзіне мерапрыемства ім прапанавалі гарбату з цукеркамі.

Кінакарцін было многа. Напрыклад, “Вартаўнік” Віктара Красоўскага. Галоўны герой, якога сыграў Анатоль Цярпіцкі, меў крымінальнае мінулае, а цяпер дрэнна адчуваў сябе. І вырашыў скончыць жыццё самагубствам. Ён выпіў вялікую дозу снатворнага і здаў сваіх сяброў у перадсмяротнай запісцы. Самагубца таксама ўспамінаў каханую Надзею, якая пайшла ад яго да іншага. У фінале гледачы даведаліся, што герой застаўся жыць.

Жорсткая кінакарціна атрымалася ў мінскага рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. Яе назва – “Адной крыві”. Дарэчы, фільм атрымаў Залатую бульбу на фестывалі Bulbamovie. Гэтае кіно адлюстроўвае адносіны паміж двума братамі. Кіно пачынаецца з сутычкі маладых хлопцаў і прадстаўнікоў улады. Малодшы брат прысутнічае сярод моладзі. Ён вяртаецца дадому і тлумачыць старэйшаму, што хоча жыць, а не выжываць, і быць свабодным. Дзеля таго і ўдзельнічаў. Той малодшага не падтрымлівае. Пасля збегу абставінаў братоў забірае міліцыя. І калі яны едуць у машыне, адзін са знаёмых малодшага брата кідае ў яе кактэйль Молатава. У пачатку фільма гэты хлопец спалохаўся і ўцёк з сутычкі.

У фільме “Нявывучаны ўрок 14/41” маскоўскага рэжысёра Ніны Вядміцкай праводзяцца паралелі паміж падзеямі 1941 і 2014 гадоў у Данецку. Вучань застаўся зачыненым ў школе, якую абстрэльваюць, бо вярнуўся з-за прыстаўкі. Раптам ён заўважае, што на дошцы пачынаюць з’яўляцца пасланні ад хлопчыка, які жыве ў 1941 годзе. І ён знаходзіцца ў падобным становішчы. Хлопчыкі знаёмяцца, размаўляюць і падтрымліваюць адзін аднаго. Фільм атрымаў Гран-пры ў катэгорыі гульнявога кіно.

Што тычыцца негульнявога, то, напрыклад, бэкстэйдж Івана Бялкова перамог у намінацыі “Чалавек справы”, ролік Святланы Кіслай “Пакуль мы маладыя” – у намінацыі “Буйны план”.

“Чалавек побач”

Адным з мерапрыемстваў фестывалю была фотавыстава “Чалавек побач”. Яе дэманстравалі ў выставачнай зале Палаца культуры. Прафесійны фатограф Алена Тарасевіч, якая нагароджвала пераможцаў, распавяла, што ў выставе прынялі ўдзел як прафесіяналы, так і аматары. Па інтэрнэт-галасаванн перамагла Алеся Лушчык з серыяй прац “Арэлі дзяцінства”.

Вольга Cінькевіч з “Лёгкімі крокамі дзяцінства” і Генадзь Селядзец з “Маладымі мастакамі” падзялілі трэцяе месца. На другім апынуўся Аляксандр Мамонька і яго “У чаканні вясны”. “Паток” Віктара Ешчанкі атрымаў першае ганаровае месца.

Сапраўды, фотаздымак адсылае нас да саміх сябе ў патоку жыцця, пракаментавала Марына Валасковіч.