Прадоўжыўся форум моладзевых творчых ініцыятыў “Час жыць” канферэнцыяй “Свабода быць чалавекам”. Праходзіла яна 13 мая ў малай зале Палаца культуры, і яшчэ ў самым пачатку тут амаль не засталося свабодных месцаў.

Гледачоў прывіталі таленавітыя знакамітыя людзі. Некаторыя з іх прыехалі з замежжа. Былі госці з Севастопалю, Растова-на-Доне, Пензы, Польшчы.

Першай выступала дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока. Яна паведаміла, што мэта форуму – стварыць умовы для знаёмстваў і зносін. Бо цяпер амаль кожны мае доступ ў інтэрнэт, і жывое слова гучыць мала.

– На нашых вачах адбываецца жыццё, але мы яго суаўтары. Трэба адчуць паветра жыцця, – прапанавала арганізатар форуму Марына Валасковіч.

Завітала на форум і Яўгенія Цімашэнкава – псіхолаг, выкладчык факультэта псіхалогіі БДУ.

– Жыццё хуткабежнае, і мы не паспяваем атрымаць асалоду ад усіх яго радасцяў. Чалавек схільны напаўняць жыццё ілюзіямі. “Яшчэ пару хвілін, і дакладна высплюся”, “яшчэ адзін кубачак кавы, і пачну працаваць”. Няма больш удалага моманту, чым “проста зараз”, – матывавала яна. – У кожнага ёсць залежнасці, “любіменькія грабелькі”, але іх аснова – страх. Людзі выпускаюць з поля зроку, што яны каштоўныя толькі фактам свайго існавання.

На працягу канферэнцыі выступала расійская паэтэса Марына Герасімава. Таксама яна з’яўляецца журналістам, членам Саюза пісьменнікаў Расіі і куратарам паэтычнага клуба “Берагі”. Яна прачытала свае вершы і падзялілася, што ў свеце паэзіі адпачывае. Яе творчасць жорсткая, пранізлівая, адчайная і прымушае душу трапятаць.

Арганізатар фестывалю Марына Валасковіч.

Арганізатар фестывалю Марына Валасковіч.

Дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока.

Дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока.

Пасля паэтэсы на сцэну паднялася група студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яны правялі даследаванне, каб вызначыць, як бачыць свабоду сучасная моладзь. Апыталі 472 дзяцей і падлеткаў ад 11 да 21 года. Большасць з іх хацела быць свабоднымі для пашырэння кругагляду, самавыяўлення, творчасці.

Таксама студэнты прапанавалі дзецям намаляваць сваё прадстаўленне пра свабоду. На экране гледачы змаглі пабачыць гэтую творцасць. Адчыненыя вароты, дарога да сонейка, маці, якая гуляе з дзіцем… Але былі і нечаканыя малюнкі. Напрыклад, клетка, дзе сядзіць чалавек, а побач лётае птушка. Ці ўяўленне свабоды як анархіі.

Студэнты зрабілі выснову, што ў многіх дзяцей ёсць праблемы з-за прыгёту выкладчыкаў ды націску бацькоў.

На канферэнцыі рэгіянальны каардынатар Марыя Шарый прадставіла кампанію “Будзьма беларусамі”. Нагадала пра фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак”, які праходзіць ужо сёмы раз, цяпер ідзе прыём прац. Таксама Марыя распавяла пра кампанію “Разам да справы”, якая матывуе актыўныя, але часам розныя часткі грамадства для аб’яднання дзеля палепшання і карысці краіны. Каардынатар прапанавала кожнаму жадаючаму пасля канферэнцыі ўзяць сабе на памяць паштоўку ці закладку ад “Будзьма беларусамі”.

Напрыканцы мерапрыемства выступіла паэтэса і журналістка Ніна Лістота, яна падзялілася, што менавіта дзякуючы гэтаму фестывалю ўваскрэсла і споўнілася яе дзіцячая мара – стаць паэтэсай.