У выставачнай зале імя Сілівановіча краязнаўчага музея 19 мая а 15 гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы графічных работ Уладзіміра Лукшы пад назвай “Маё натхненне…”.

Мастак-вандроўнік Уладзімір Лукша многа вольнага часу прысвяціў падарожжу па роднаму краю, знаёміўся з яго прыродай і помнікамі архітэктуры, а затым на белым аркушы паперы з’яўляліся вуліцы, шматпавярховыя дамы, ціхаплынныя рэкі, дубравы, белыя вежы палацаў і купалы цэркваў.

Уладзімір Лукша нарадзіўся 15 мая 1948 года ў вёсцы Пагор’е Вілейскага раёна. У сям’і было дзевяць дзяцей, Уладзімір быў пятым. Многа часу ён праводзіў адзін на адзін з прыродай, менавіта ў гэтыя моманты ў будучага мастака з’яўляецца жаданне маляваць.

Пазней бацькі пераехалі ў вёску Кульшына. Так у калекцыі Уладзіміра Лукшы з’явіліся замалёўкі пейзажаў Любаншчыны. Яшчэ да вайсковай службы ён паступіў вучыцца ў Маскоўскі Завочны Універсітэт імя Крупскай на факультэт малюнка і жывапісу. Сумяшчаў вайсковую службу і вучобу.

Некаторы час Уладзімір Лукша жыў у Маладзечне. Яму прысвяціў шмат сваіх работ.

З 1972 года жыве ў Вілейцы. Працаваў мастаком-афарміцелем на заводзе “Зеніт” да 1995 года. Мастак увесь свой вольны час прысвяціў вандроўкам па Беларусі. З сабой ён браў не фотаапарат, а аркуш паперы і аловак і ўсё тое, што ўбачыў праз некаторы час з’яўлялася на белым лісце.

Эдуард Лукша прымаў удзел у многіх выставах. Адна з самых знакавых – выстава прафесійных мастакоў, якая праходзіла ў Мінскім Палацы мастацтваў. У творчай спадчыне мастака больш за 30 кніжак-альбомаў.

Надзея Аўдзей, навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея

У Мядзеле на акцыі “Ноч музеяў-2016” пройдзе гульня-квэст

У Мядзельскім музеі народнай славы 21 мая пройдзе святочнае мерапрыемства ў межах акцыі “Ноч музеяў-2016”. Называецца яно “Чароўная ноч у храме музы Кліа”.

Адбудзецца выстава габеленаў мастачкі Ніны Пілюзінай.

– Чакаецца, што на прэзентацыю выставы прыездзе мастачка, – расказала выканальнік абавязкаў дырэктара музея Наталля Бурак.

Яшчэ пройдзе выстава драўлянай скульптуры мядзяльчаніна Аляксандра Куцкевіча.

Наведнікі змогуць выйграць прызы, калі паўдзельнічаюць у гульні-квэсту па экспазіцыі музея – трэба будзе адказаць на розныя пытанні і загадкі, рашыць шарады.

Пачнецца мерапрыемства ў 19 гадзін.