Як паведамляе БелТА, змены і дапаўненні ўносяцца ў законы аб правах дзіцяці, аб рэкламе, аб сродках масавай інфармацыі, аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі, а таксама аб выдавецкай справе. Большасць паправак пачне дзейнічаць ад 1 ліпеня 2017 года.

У прыватнасці, закон уводзіць маркіроўку інфармацыйнай прадукцыі з указаннем узроставай катэгорыі: “0+” (што азначае без абмежаванняў), “6+” (для асоб, якія дасягнулі шасці гадоў), а таксама катэгорыі “12+”, “16+” і “18+”.

Цяпер юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца вытворчасцю і (або) распаўсюдам інфармацыйнай прадукцыі, будуць абавязаныя надаваць такой прадукцыі знак узроставай катэгорыі.

Згодна з новым законам, уласнікі камп’ютарных клубаў, інтэрнэт-кавярняў ды іншых месцаў, дзе ёсць калектыўны доступ карыстальнікаў інтэрнэту, а таксама ўстановы адукацыі абавязаныя ўжываць разнастайныя сродкі, каб не распаўсюджваць сярод дзяцей інфармацыю, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю.