У нядзелю ў Палацы культуры Маладзечна адбыўся майстар-клас па кантактнай імправізацыі ў межах фестывалю “Час жыць”.

Яго наведала неверагодная для такога мерапрыемства колькасць людзей: каля 60 чалавек сабраліся ў харэаграфічнай зале. Большасць – школьнікі старэйшых класаў, якія не асабліва разумелі, куды прыйшлі і навошта. Такі “ажыятаж” вымусіў майстра па кантактнай імправізацыі Вікторыю Ігнаценку рабіць імправізацыю на імправізацыю.

– Кантактная імправізацыя – свабодны танец, які не мае аніякіх формаў і па. Тут важна добра адчуваць сваё цела, ведаць, дзе яго энергетычны цэнтр. Танец мусіць ісці знутры, тады ён будзе па-сапраўднаму прыгожы.

У многіх краінах Еўропы кантактная імправізацыя – абавязковы курс у харэаграфічных, тэатральных навучальных установах. Гэты накірунак танца злучае чалавека з яго ўласным целам, адкрывае фізічныя магчымасці і здольнасці, – пачала з тлумачэння свой майстар-клас Вікторыя Ігнаценка і прапанавала прысутным зняць абутак і сесці ў кола ў цэнтры харэаграфічнай залы. 

Настаўнікаў таксама папрасілі ўзяць удзел у семінары, але многія адразу адмовіліся і селі па перыметры залы. Школьнікі пачалі смяяцца і жартаваць, нягледзячы на суровыя позіркі дарослых.  Спачатку на запрашэнне адгукнуліся чалавек дзесяць, якія свядома прыйшлі на майстар-клас: студэнты і  маладыя людзі 20-35 гадоў.

– Смялей, не саромейцеся, – заклікала прысутных Вікторыя.  І большасць школьнікаў усе ж такі далучыліся да кола.

– Першае, што мы будзем з вамі рабіць – слухаць сваё дыханне і спрабаваць адчуць падлогу – качацца па ёй.  Потым мы будзем танцаваць, а напрыканцы пагуляем – вас чакае перфоманс. Але каб ён адбыўся, трэба папрацаваць. Для гэтай работы неабходная ўнутраная і знешняя цішыня, – адзначыла Вікторыя Ігнаценка. –  Таму я бяру на сябе адказнасць і адпускаю тых, хто не хоча прымаць удзел у майстар-класе. Усіх ахвотных запрашаю далучыцца да нас.

Яшчэ некалькі чалавек селі ў кола, астатнія пажадалі застацца гледачамі. Ніхто не сышоў.

Фота samopoznanie.ru.

Фота samopoznanie.ru.

Мы круціліся і рухаліся на падлозе

Я  ўпершыню была на семінары па кантактнай імправізацыі, і для мяне гэта быў незвычайны досвед кантакту са сваім целам, унутранага танца, самапазнання.

Спачатку мы ляжалі на падлозе і дыхалі жыватом, расслабляліся. Потым павольна і плаўна, быццам мёд ды вада, круціліся і рухаліся, працягваючы ляжаць на падлозе. У гэты момант я адчувала сябе  маленькім дзіцем, якое робіць тое, што яму хочацца, і круціцца так, як яму хочацца.

Гэтае практыкаванне дазволіла адчуць кожную мышцу свайго цела, выцягнуць і расслабіць яе.

Спантанныя танцы далі свабоду руху, дапамаглі адчуць прыгажосць свайго цела, пазбавіцца ад комплексаў і забабонаў. Канешне, значна лягчэй гэта было б рабіць, каб на цябе не глядзелі здзіўлена некалькі дзясяткаў вачэй. Пра гэта казалі і іншыя ўдзельнікі майстар-класа. Але ўвайшоўшы ў кураж, танцоры ўжо не звярталі ўвагу на прысутных. Падчас перфомансу трэба было кантактаваць з іншымі ўдзельнікамі: лавіць і падтрымліваць людзей, якія падаюць, капіраваць хаду адзін аднаго і зноў танцаваць.

Пасля многія дзякавалі Вікторыі за цудоўную практыку. Яна ўжо 10 год займаецца кантактнай імправізацыяй і з’яўляецца інструктарам па ўсвядомленым руху цела на фестывалях як у Беларусі, так і ў Расіі, Літве.

Вікторыя Ігнаценка.

Вікторыя Ігнаценка.

“Я чатыры дні танцавала ад раніцы да вечара”

У Маладзечне Вікторыя арганізавала праект “Лабараторыя руху”, у межах якога ладзіць сустрэчы і семінары па кантактнай імправізацыі, аўтэнтычным руху, спантанных танцах, цялесным перфомансе.  Звычайна на яе заняткі прыходзяць чалавек пяць, якім сапраўды цікава папрацаваць са сваім целам.

– З кантактнай імправізацыяй я пазнаёмілася ў Вільні падчас навучання ва ўніверсітэце. Там я вяла эксперыментальную тэатральную студыю, для якой шукала цікавыя цялесныя практыкі. Аднойчы мяне запрасілі на кантактную імправізацыю, але я не праніклася танцам. Потым паехала на фестываль па кантактнай імправізацыі, дзе хацела проста паназіраць за танцорамі, пафатаграфаваць людзей, але мяне зацягнулі ў танец. Я чатыры дні танцавала ад раніцы да вечара, – распавядае Вікторыя.

Яе захапіла тое, што не трэба было быць прыгожым, правільным, лепшым. Параўноўваць сябе можна толькі з сабой. Ёй спадабалася эксперыментаваць са сваім целам. Яна ўбачыла, што можа прыгожа рухацца, зніклі блокі і комплексы, з’явілася пачуццё гармоніі і згоды з тым, што адбываецца тут і цяпер.

– Ёсць розныя спосабы дасягнуць гэтага стану, але мяне прываблівае танец, рух. Спадзяюся, што і ўдзельнікам майго майстар-класа спадабалася такая практыка, – адзначае майстар кантактнай імправізацыі. – Не чакала, што прыйдзе столькі людзей. Але на тое і фестывалі, каб здзіўляць. Гэта добры сюрпрыз і досвед для мяне. Такія сустрэчы робяць кантактную імправізацыю сапраўднай імправізацыяй. Хаця, канешне, цяжка працаваць з тымі, хто не хоча.

Я за тое, каб людзі прыходзілі да мяне са сваёй мэтай – даведацца, што такое кантактная імправізацыя, папрацаваць над блокамі, расслабіцца. Тады яны аддаюць сваю сілу ў агульную атмасферу, і ўсім становіцца лёгка рухацца,  адкрывацца перад незнаёмымі людзьмі, паглыбляцца ўнутр сябе.

На думку Вікторыі, трэба выхоўваць усвядомленасць як у дзяцей, так і ў дарослых. І кожнаму трэба пачынаць з сябе.