Мастак з Вілейкі Эдуард Мацюшонак звярнуўся ў рэдакцыю з прапановай  аб арганізацыі і правядзенні пад эгідай нашага выдання  рэгіянальнай выставы-сустрэчы мастакоў у Маладзечне:

“Нагода самая спрыяльная для такога вернісажу: у краіне праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Году культуры, і Маладзечна сёлета абранае культурнай сталіцай нашай краіны.

Было б цудоўна, каб з кожнага раёна, дзе чытаюць “Рэгіянальную газету”, мастакі прадставілі свае творы на гэту выставу, а таксама прынялі непасрэдны ўдзел у самім вернісажы.

Магчыма, такая сустрэча дапаможа мастакам адчуць новую хвалю творчага ўздыму, а гледачам падорыць прыемныя хвіліны не віртуальнай, а рэальнай сустрэчы з творчым жыццём нашага рэгіёна”.

Потым у каментары Эдуард Мацюшонак дадаў:

– Цяпер мы разышліся па сваіх кватэрах і маем стасункі толькі цераз інтэрнэт. А ён ніколі не можа выклікаць у чалавека нейкіх сапраўдных эмоцый –  гэта ўсё штучнае. Калі ты маеш адносіны з мастаком, і ўвогуле чалавекам, ты маеш адносіны з яго духоўным, душэўным светам. І тады ты разумееш, што мы ўсе розныя, але жывём у гэтым свеце, бачым адны і тыя з’явы, толькі кожны ўспрымае іх па-свойму. Гэта і ёсць мастацтва. Давайце зробім так, каб мы атрымлівалі асалоду ад таго, што мы жывём і што мы розныя і ўсе ў адным свеце і ў адзін час суіснуем.

Віляйчанін спадзяецца, што вынікам такой сустрэчы магло б стаць стварэнне мастацкага клуба:

– Хочацца, каб мастакі сабраліся, каб атрымаўся такі асяродак – быццам бы мастацкі клуб, якога ў нашай вобласці няма. У нас ёсць сталіца – і ўсё. Вось каб  з’явіўся такі клуб, і мастакі змаглі выстаўляцца, сустракацца, размаўляць. Магчыма, гэта было б нейкім штуршком, каб пачалі з’яўляцца тыя людзі, якія зацікавіліся мастацтвам. І з’явілася б нейкая новая плынь.