Аддзел адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама ажыццяўляе праект “Знакамітыя выпускнікі”. На сайце аддзела можна пабачыць поўны спіс выпускнікоў, тых, каго ў школах лічаць сваімі знакамітасцямі.

“Рэгіянальная газета” зрабіла свой топ-15.

Знаёмцеся, маладзечанцы.

Аляксей Кудзін – беларускі кікбаксёр. Чэмпіён свету па кікбоксінгу па версіі WBKF. Выпускнік сярэдняй школы № 2.

Валерыя Арланава – актрыса тэатра і кіно. Знялася ў 47 фільмах. Сярод якіх “Павадыр”, “Скрасці Бельмандо”, “Дунечка” , “Каменская”. Выпускніца сярэдняй школы № 4.

Надзея Бука – мастачка. Працуе ў тэхніцы буцінанкі.  У свеце ў падобнай тэхніцы шмат хто працуе, а ў Беларусі Надзея першапраходніца, паколькі вынесла яе ў асобную галіну мастацтва. Таксама выпускніца сярэдняй школы № 4.

Артур Міхайлаў – саліст Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”. Выпускнік сярэдняй школы № 4.

Леанід Путырскі – доктар-мамолаг-анколаг, прафесар, паэт. Закончыў сярэднюю школу № 5 з залатым медалём.

Таццяна Беланогая – спявачка-бард. Выпусціла пяць альбомаў: “Там, дзе мы” ( 2004 год); “Пабачыць сьвет”(2006 год); “Дзьвюхкроп’е”(2007); “Ніткі” (2010); “Матылёк” (2016). Закончыла гімназію № 6.

Арцём Ахпаш – шоўмэн, спявак, радыёвядучы, дыктар. Арцём з’яўляецца голасам шматлікіх рэклам. Працуе на радыё “Гумар ФМ”. Выпускнік гімназіі № 7.

Вадзім Роліч – двухразовы чэмпіён свету па тайскім боксе. Выпускнік сярэдняй школы № 9.

Аксана Кірылюк – жанчына-каваль. Выпускніца сярэдняй школы № 11.

Дзмітры Самаль – дызайнер. Выпусціў калекцыю акуляраў пад уласным імем, а таксама калекцыю гадзіннікаў, завушніц і бранзалетаў. Таксама выпускнік сярэдняй школы № 11.

Ніна Багданава – спявачка, кампазітар, радыёвядучая. Выпускніца гімназіі-каледжа мастацтваў.

Сяргей Лескець – краязнаўца, гісторык, фатограф. Серыю фотаздымкаў, якія ілюструюць звычайнае жыццё беларускай вёскі, змаглі ўбачыць жыхары Вялікабрытаніі. Здымкі апублікавала брытанская газета The Guardian. Выпускнік Заскавіцкай школы.

Барыс Кіт – амерыканскі вучоны ў галіне астранаўтыкі, заслужаны прафесар Мэрылендскага ўніверсітэта (ЗША), найстарэйшы член Амерыканскага таварыства астранаўтыкі, ганаровы член Брытанскага міжпланетнага таварыства, член камітэта міжнароднай Акадэміі астранаўтыкі (Парыж), беларускі грамадскі дзеяч, настаўнік, матэматык, фізік, хімік. Вучыўся ў Лебедзеўскай школе.

Міхась Казлоўскі – грамадскі дзеяч, крытык, публіцыст, рэдактар, выдавец. Выпускнік Палачанскай школы.

Алеся Грыбок – актрыса. Знялася ў 21 фільме. Закончыла Радашкавіцкую сярэднюю школу.