Яны расказваюць “Рэгіянальнай газеце” пра тое, як адчуваюць сябе на дарозе і чаму не крыўдзяцца на жарты пра “бландзінак за рулём”.

На сустрэчу на трох машынах прыехалі чатыры аўталэдзі: Таццяна Воўк, Ірына Ярмошанка, Вольга Семянёк і Наталля Якаўлева. Пытанні, якія абмяркоўвалі ў той дзень, былі далёкія ад звычайных жаночых пасядзелак. Успомнілі і тасол, і датчыкі халастога ходу, і запаску. Але пра ўсё па парадку.

Стаж кіроўцы ў жанчын розны. Калі Наталля кіруе машынай толькі год і два месяцы, то Вольга за рулём 13 год.

Наталля Якаўлева з дачкой.

Наталля Якаўлева з дачкой.

Вольга Семянёк.

Вольга Семянёк.

Таццяна Воўк.

Таццяна Воўк.

– Я ўжо і прывыкла да таго, – смяецца Вольга, – што ў сяброў у тэлефоне запісана “Вольга-цвярозы вадзіцель”.

Часта даво­дзіцца забіраць сяброў з гасцей. Я заўсёды за, мне не цяжка. Праўда, цяпер езджу на машыне таты, таму не магу пахваліцца, што ў мяне ёсць мая ўласная сяброўка.

Таццяна, Ірына і Наталля сваімі “жалезнымі коньмі” ганарацца. І калі ў Тані – гэта Ксюша (таму што Сітраэн-Ксантыя), у Ірыны Лялечка, то Наталля сваю машыну называе Арлом.

– Ну гэта ж “Опель” (Opel), тым больш універсал. Не магу я яго называць неяк памяншальна. Гэта мая першая машына, а не, былі яшчэ “Жыгулі”, “капейка”, але тады я яшчэ ездзіла без правоў. Сваю машыну я люблю, прывыкла ўжо. І маленькую, “жаночую”, вадзіць не хачу.

Калі зазірнуць у салон машын, можна зразумець, што іх уладальнікі жанчыны: анёлы, цацкі, кветачкі, смайлікі.

Таццяна Воўк.

Таццяна Воўк.

– Ой, чаго ў машыне толькі няма, – кажа Таццяна, – і сцяжкі, і налепкі. А ў багажніку важу адвёрткі, дамкрат. Магу, калі давядзецца, і кола памяняць. Ну, тэарэтычна, а практычна для гэтага ёсць муж.

Калі нешта здараецца, я тут жа на тэлефон: “Дзіма-а-а, у мяне машына сапсава-а-а-лася”.

Таццяна прызнаецца, што вельмі любіць, калі муж сядзіць побач. 

– Ён для мяне і навігатар, і інструктар, і псіхолаг, і механік. Памятаю, як аднойчы ехалі ў Бараўляны. Я разгубілася, кажу яму: “Здаецца, мы заблудзілі”. А ён мне: “Спакойна, Танюха, разбяромся”.

І Ірына, і Вольга, і Наталля пацвердзілі, што адзін на адзін з паламанай машынай заставацца не даводзілася. Заўсёды мужчыны прыходзяць на дапамогу.

– Але ў некаторых дэталях усё ж разбірацца навучылася, – працягвае Таня. – Ведаю, дзе ў машыне датчык халастога ходу.

Таццяна Воўк.

Таццяна Воўк.

– Ці бывалі з вамі сітуацыі на дарозе, у якіх сорамна прызнацца?

– Бывалі, – прызнаецца Ірына, – я гэта называю “часовая страта зроку”. Аднойчы ехала па сустрэчнай паласе. Новы святлафор паставілі, яго трэба было аб’язджаць справа, а я адразу павярнула. Еду, гляджу, двайная суцэльная справа, з боку пасажыра. Да сёння сорамна. Ну і на ручніку ехала.

– А, так, – ківаюць галавой тры другія жанчыны. – І ў нас такое было.

– А калі, бывае, мужчына каторы сігналіць, – кажа Таццяна, – я высоў­ваю руку і махаю яму. Ну, а што? Не сварыцца ж. 

– Ой, Таня, не скажы, – падхоплівае Вольга. – Бываюць такія сітуацыі на дарозе, што я адчуваю сябе таксістам з фільма “Брат 2”. 

Вольга Семянёк.

Вольга Семянёк.

Наталля Якаўлева з дачкой.

Наталля Якаўлева з дачкой.

– Што, і мацюкаецеся?

– Не без гэтага, – чырванеюць дзяўчаты. 

– А якія адносіны з ДАІ?

– Мяне за гэты год спынялі тройчы, – кажа Наталля, – на праверку дакументаў і не было налепкі на тэхагляд.

– Шанцуе, – кажа Ірына, – мяне за 13 год не спынялі ні разу. 

– Нармальныя адносіны, – працягвае Наталля, – ні разу не штрафавалі.

– А мяне мінская “Страла” спыніла, – кажа Таццяна, – акурат 8 сакавіка. Ну, пагутарылі, павіншавалі. 

Ірына Ярмошанка.

Ірына Ярмошанка.

– Ці ёсць нейкія любімыя і нелюбімыя вуліцы ў вас у Маладзечне?

Вольга: – Я вельмі люблю Магістральную: ні святлафораў, ні “ляжачых паліцэйскіх”.

Наталля: – А я вельмі не люблю скрыжаванне ля “Бярозкі”. 

Да размовы далучаецца муж Таццяны, які толькі падышоў да нас:

– Ведаеце, жанчана-кіроўца – гэта далёка не самае горшае, што можа здарыцца на дарозе. Усё ж яны больш разважлівыя, палахлівыя і асцярожныя. Гэта мужыкі пруць як танкі, не спыніш, не дакажаш ім нічога. Так што: далоў стэрэатыпы!