Доні “Крамбс” Каў­нтс прыехаў у Беларусь у якасці суддзі на Міжнародны хіп-хоп фестываль, які праходзіў у Мінску. Падчас візіту танцор завітаў яшчэ ў Гомель ды Маладзечна, культурную сталіцу Беларусі.

Інтэрактыўная сустрэча з Доні Каўнтсам прайшла ў бібліятэцы сямейнага чытання “Верасок” 16 мая. На амерыканца прыйшлі пагля­дзець пераважна школьнікі, якія вывучаюць англійскую мову. Былі прадстаўнікі чатырох маладзечанскіх школ.

Танцор размаўляў на англійскай мове, побач стаяла перакладчыца пасольства ЗША Вольга Цвяткова. Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Марыя Ляцяга прывітала госця. Выступленне ён пачаў з пытання, ці танцуе хто ў зале брэйк, малюе графіці, выконвае рэп. Аказалася, што большасць вучняў нечым займаецца.

Амерыканец заўважна здзівіўся і пачаў расказваць пра хіп-хоп.

– Круг – цэнтр хіп-хопу, месца для аддачы і атрымання энергіі. Для супакаення і карыснага досведу. Трэба быць адважным, каб стаць у круг і адкрыцца свету, – падзяліўся амерыканец.

Ён распавёў, что сам прыйшоў у хіп-хоп у 1992 годзе, у дванаццаць гадоў. Убачыў, як старшакласнікі танцуюць. Паслядоўна пачаў вывучаць астатнія яго элементы.

– Для мяне гэта стала фактычна жыццём, я займаўся ў школе, падчас абеду. Хутка вырас у майстэрстве. Калі адчуваеце натхненне да чаго-небудзь, надавайце гэтаму больш часу. Напрыклад, я ў пачатку паставіў мэты: паездзіць па свеце, здымаць кліпы ды фільмы, быць добрым танцорам, – расказаў Доні Каўнтс.

Яшчэ ён удзельнічаў у фільмах “Каралі танцпадлогі”,“Крок наперад 2: Вуліцы”, “Танцы вуліц”, “Як яна рухаецца”. Але амерыканец выказаў меркаванне, што культуру хіп-хопу можна пабачыць толькі ў рэальным жыцці. Бо ў фільмах больш драмы, чым сапраўдных танцаў. Ды і тыя мантуюць.

Сам ён працаваць у забаўляльнай індустрыі пачаў з сямнаццаці гадоў.

– Быў харэографам для першага альбома Крысціны Агілеры. Гэта вельмі крута, калі ты падлетак і табе сямнаццаць. Усё дзякуючы таму, што я ведаў, чаго хацеў. Таксама дзесяць гадоў быў адзіным пастаноўшчыкам танцаў для групы Black Eyed Peas. Ездзіў з імі ў сусветныя турнэ. Гэта накладвае велізарную адказнасць на танцора. Калі вам выдзяляюць уласны час, каб паказаць сябе як мастака. Таксама ставіў танцы для Джасціна Цімберлэйка ды Місі Эліят. А яшчэ ніколі не абмяжоўваў сябе хіп-хопам, працаваў і з рокам, і з рэгі.

Пасля адказаў на пытанні гледачоў, амерыканец правёў невялікі майстар-клас для ахвотных. Паказаў некалькі рухаў, станцаваў сам. Гэта было надзвычай выразнае дзеянне. А потым яшчэ паўгадзіны фатаграфаваўся і ставіў подпісы, хаця спазняўся на чарговую сустрэчу.

Падрабязней чытайце ў нумары “РГ” за 20 мая.