Цяпер надвор’е на вуліцы выдатна ілюструе беларуская прыказка: “Прыйдзе май – каню сена дай, а сам на печ палязай”. Для тых, хто вырашыў бавіць час у выхадныя дома, – прапануем правесці гэты час з кнігай. Тыя ж, хто будзе ў горадзе, не абмініце кінатэатры, каб паглядзець нядаўнія прэм’еры.

Кінатэатр Радзіма, Маладзечна

Кінатэатр “Радзіма” працягвае пракат нядаўніх прэм’ер. Фантастычны супергеройскі баявік “Людзі Ікс: Апакаліпсіс” – адна з сёлетніх экранізацый коміксаў. У гэтай гісторыі звышлюдзі змагаюцца з самым небяспечным старажытным мутантам Апакаліпсісам.

Гледачы станоўча ацэньваюць  карціну, але адзначаюць, што розніца паміж першай і другой часткай адчувальная. Некаторым першая палова падалася расцягнутай, іншым заканчэнне здавалася сціснутым.

Калі пытанні да сюжэта чаканага фільма – звычайная і спрэчная справа, то тэхнічнае выкананне на ўзроўні. Гледачоў парадуюць пастаноўкі боек, музыка, спецэфекты – усе перавагі праектаў з буйным бюджэтам.

 Калі вы яшчэ не бачылі адну з самых яркіх сёлетніх анімацый, не абмінайце ўвагай “Angry Birds у кіно”.

Кадр з фільма. Фота tomsarkgh.am.

Кадр з фільма. Фота tomsarkgh.am.

Што адбудзецца, калі прачнулася старажытнае зло

Ад 26 мая маладзечанскі кінатэатр запускае дзве прэм’еры. Фэнтэзі “Варкрафт” – гісторыя, якая адбываецца ў свеце аднайменнай камп’ютарнай гульні. У карціне прадстаўленыя дзве расы – людзей і оркаў. Cтаражытнае зло прачнулася: у самым цэнтра каралеўства адкрыўся партал, з якога невядомыя істоты трапілі на зямлю. Пачынаюцца падзеі, якія назаўсёды зменяць лёс Сусвету.

Вясна – самы час звар’яцець

Працяг чароўнай гісторыі – фэнтэзі “Аліса ў Залюстаркоўі” прапануе казачныя прыгоды пад слоганам “Вясна – самы час звар’яцець”. Гераіня павінна вандраваць у часе, каб выратаваць сябра Вар’яцкага Шляпніка. У карціне здымаюцца акцёры з першай часткі экранізацыі – Джоні Дэп, Хэлена Бонэм Картэр, Мія Васікоўска і іншыя.

Кадр з фільма. Фота tomsarkgh.am.

Кадр з фільма. Фота tomsarkgh.am.

Кінатэатр Мір, Вілейка

Усё можа быць зусім не такім, як мы прывыклі ўяўляць

Самы бяспройгрышны варыянт для адпачынку – мультфільм “Angry Birds у кіно”. Смешна будзе ўсім, ад самых маленькіх да самых строгіх дарослых. Прычым мультфільм толькі знешне падрыхтаваны для дзяцей – яркая графіка, анімалістычныя героі, простая гісторыя. А вось дэталі скіраваныя на дарослых гледачоў, што падкрэсліваецца часам недзіцячым гумарам. Пры такой дваістасці разліку на аўдыторыю зразумелы і пасыл стваральнікаў: усё можа быць зусім не такім, як мы прывыклі ўяўляць.

Магутны арол, якога абагаўляюць, можа апынуцца напышлівым эгаістам, а асуджаны персанаж з праблемай з кантролем гневу можа стаць адзіным, у каго засталося крытычнае мысленне і хто можа выратаваць усіх жыхароў вострава. Не верыць стэрэатыпам, змагацца за сваё і не быць перадузятым вучыць гэты неверагодна смешны мультфільм.

Кадр з мультфільма. Фота fdb.cz.

Кадр з мультфільма. Фота fdb.cz.

З дзецьмі вельмі раім паглядзець вытанчаную карціну “Сарыла. Закінутая зямля”. Маладым людзям будзе даспадобы фантастыка “Першы мсціўца: Супрацьстаянне” ці прыгоды “Саламон Кейн”.

Пра час і цану кінасеансаў глядзіце ў рубрыцы “Рэпертуары” на нашым сайце.

Калі жаданне кахаць і быць патрэбным становіцца неадольным

“Калі мяне пытаюцца, чым займаюся, я адказваю, што дапамагаю людзям закахацца. Напэўна, я назвала б гэта так”.

Радкі адной з гісторый кнігі сучаснага польскага пісьменніка Януша Вішнеўскага “Неадольнае жаданне блізкасці” выдатна ілюструюць увесь змест – усе людзі, незалежна ад узросту і полу, імкнуцца знайсці сваё каханне, блізкага чалавека.

Адны з герояў марылі пра тое, што ў іх бу­дзе жаданая работа, любімы чалавек побач. Для іншых каханне – гэта багаты мужчына з іншай краіны, які забяспечыць годныя ўмовы жыцця. Хтосьці выступае за свабодныя адносіны, імкнецца паказацца незалежным, аднак у душы яны чакаюць таго адзінага і непаўторнага.

Ламаючы “крылы”, плачучы па начах, чакаючы важнага рашэння, вывучаючы анатомію і фізіялогію кахання, героі кнігі імкнуцца да яго.