Карэспандэнтка “Рэгіянальнай газеты” наведала лазню №4 у Маладзечне, каб на сваім досведзе ўпэўніцца, што вялікія цэны на лазню апраўданыя.

Нагадаем нашым чытачам, што ад студзеня кошт наведвання гарадской лазні вырас ад 38 да 75 тысяч рублёў.

Такое павышэнне абумоўленае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 студзеня 2016 года, калі з пераліку сацыяльна значных паслуг былі выключаныя паслугі агульных аддзяленняў лазняў і душавых.

Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказаў Міхаіл Івашкевіч, начальнік лазневай гаспадаркі:

– Раней страты пакрываліся з бюджэту. Цяпер тарыфы на паслугі лазні фарміруюць прадпрыемствы, на балансе якіх знаходзяцца. Тое, што цана лазні – 75 тысяч, гэта яшчэ не так шмат. Па нашых падліках, сабекошт лазні павінен складаць каля 120 тысяч. І то нам давялося адмовіцца ад басейна – эканомія вады.

– Наведнікаў такія цэны палохаюць?

– Шчыра кажучы, так. Людзей стала менш.

У пятніцу, каля трох гадзін дня, у касе няма нікога. Касірка прабівае чэк.

– Там зойдзеце ў распранальню і чэк начэпіце на цвічок.

У распранальні зноў ні аднаго чалавека. Толькі плёскат вады падказвае, што за дзвярыма лазні ўсё ж нехта ёсць.

Тое, што квіточак трэба нанізваць на штырок пры ўваходзе, мне нагадала карцінку з майго дзяцінства. Хоць цьмяна, але памятаю, што такі штырочак стаяў ля зялёнага касавага апарата ў кафетэрыі. Наніжаш туды кавалак паверкі, і прадавачка налье табе ліманаду ў шклянку, дзе дно размаляванае чырвонай фарбай, і падасць у карычневай паперы пірожнае-бульбачку.

У лазні такога сэрвісу, вядома, няма.

Але справа ад дзвярэй дзяжурнай стаіць фен. Той самы, з каўпаком, якіх было безліч у савецкіх цырульнях і пад якімі жанчыны ў бігудзі і з “хіміяй” на галаве хаваліся на цэлую гадзіну.

Што датычыцца шафак для адзення, то яны чыстыя, пафарбаваныя, закрываюцца на кручок. Аднак на сцяне ўсё ж вісіць папярэджанне, што за каштоўныя рэчы, якія не былі перададзеныя асабіста ў рукі дзяжурнай, адміністрацыя адказнасці не нясе.

Так што, калі раптам вам давядзецца наведваць лазню з чамаданам грошай, смела аддавайце іх дзяжурнай Антаніне, яна надзейна захавае іх у сейфе.

Пасля таго як падрыхтоўчы этап да прыняцца лазневых працэдур завершаны, накіроўваюся ў саму лазню.

Два душы, якія пачынаюць працаваць толькі  тады, калі на іх становішся нагой. Пры гэтым магчымасць рэгулявання цяпла і напору вады адсутнічае.

Ну што ж, было горача, але масажны эфект ад магутных струменяў нязручнасці кампенсаваў.

Па колькасці расстаўленых тазікаў я падлічыла, што ў лазні, акрамя мяне, мыюцца яшчэ тры жанчыны.

Тазікі цяпер – гэта не тыя металічныя шайкі, пра якія складаюцца анекдоты. А звычайныя чырвоныя пластмасавыя ванначкі, якімі, мяркую, шмат хто карыстаецца і дома ў час адключэння гарачай вады.

Дзверы, якія вядуць у басейн, надзейна закрытыя драўлянай рашоткай: ну, нельга туды. 

У пакоі адпачынку можна пагартаць глянцавыя жаночыя часопісы, але толькі за 2005 год.

Наперадзе – сэнс наведвання любой лазні – парылка.

Парылка прыгожая, абабітая новымі дошкамі. Ляжаць на такіх духмяных драўляных паліцах, сапраўды, задавальненне. Тэрмометр паказвае 90 градусаў. Разамлеўшы ад пару, можна і пагутарыць з выпадковай знаёмай.

Мая суседка па паліцы прызнаецца, што ў лазні яна – пастаянны кліент. Стараецца спраўна наведваць яе раз на тыдзень.

– Гэта такі рэлакс. Такая магчымасць дзве гадзіны прысвяціць сабе любімай. Я бяру з сабой маскі, скрабы, націранні розныя, гарбату ў тэрмасе. І адпачываю. Для мяне – гэта лепшая лазня ў горадзе. Так, дорага, але для цяпер танна?

Пасля парылкі можна акунуцца ў ванну з ле­дзяной вадой.

Я не рызыкнула. Не, не таму што баюся холаду, а проста дно ў гэтай ванне аказалася зялёнага колеру ад слізі, што назапасілася на гэтым самым дне.

У прынцыпе, яшчэ два заходы ў парылку я зрабіла. Сядзела і шкадавала аб тым, што ў кошт лазні не ўваходзіць прафесійны лазнік з сапраў­дным бярозавым ці дубовым венікам. А, можа, трэба было пра гэта запытацца?

Калі я апраналася, дзяжурная па лазні Антаніна пажадала мне лёгкага пару і прапанавала кубачак гарачай гарбаты і магутны фен.

А калі развітвалася са сваімі новымі знаёмымі, жанчыны папрасілі:

– Вы толькі надта добрае пра лазню не пішыце, а то набягуць людзі, а цяпер тут так хораша і спакойна.

Цэны на лазні ў рэгіёне:

Віляйчанам і смаргонцам лазня абыходзіцца танней за ўсіх у рэгіёне – 45 тысяч. Але ў Смаргоні ёсць загадкавы “другі паверх” з басейнам – 110 тысяч. 

Жыхары Валожына, Мядзела і Астраўца змогуць наведаць гарадскія лазні за   55 тысяч.

На тры тысячы болей давядзецца заплаціць ашмянцам – 58 тысяч.