Пытанне наконт будучай пенсіі задаў праз “Рэгіянальную газету” чытач.

“Сястра працуе ў Маладзечне на харчкамбінаце. Ужо не першы год прадпрыемства ліхаманіць. То скарочаныя працоўныя дні ды тыдні, то вымушаныя адпачынкі на 2/3 зарплаты. А як гэта адаб’ецца на памеры пенсіі? Бо пры разліку пенсіі ўлічваецца сярэдні заробак за пэўны перыяд”.

– Пры разліку пенсіі сумуюцца стаж працы і індывідуальны каэфіцыент асучасненай заработнай платы. У гэтым годзе для разліку індывідуальнага каэфіцыента выкарыстоўваюцца апошнія 22 гады працы. Калі чалавек вучыўся, служыў, даглядаў за інвалідам, індывідуальны каэфіцыент будзе складаць 0,4 (40% асучасненай заработнай платы).

Не мае значэння, працаваў чалавек на стаўку або на паўстаўкі. Якая сума пазначаная ў даведцы аб заработнай плаце, такую мы і выкарыстоўваем пры разліку індывідуальнага каэфіцыента. Чым ніжэйшая ў даведцы сума заработнай платы, тым ніжэйшы індывідуальны каэфіцыент. Адпаведна, тым меншая пенсія, – паведаміла начальнік аддзела пенсійнага забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Вольга Кісель.