Групе навукоўцаў з Тэмпльскага ўніверсітэта ЗША, якой кіраваў Кэмел Халілі, удалося паспяхова выразаць сегмент ДНК, які належаў ВІЧ, з геному жывых жывёл. Пра вынікі работы гаворыцца ў прэс-рэлізе ўніверсітэта, на які спасылаецца Naked Science.

Навукоўцы выкарысталі тэхналогію рэдагавання генаў. Ранейшыя даследаванні паказалі, што яе можна паспяхова выкарыстоўваць для выдалення генаў віруса, якія ўбудаваныя ў геном клеткі-гаспадара.

Важна тое, што такое ўмяшанне не пагражае апошнім. Былі праведзеныя выпрабаванні на клетках пацыентаў – носьбітаў ВІЧ, што даказала добрыя перспектывы методыкі.

Выпрабаваць новы метад на жывёлах удалося толькі цяпер. Даследчыкі выкарыстоўвалі пацукоў і мышэй, інфікаваных ВІЧ. Навукоўцам удалося выразаць мэтавы сегмент ВІЧ з ДНК жывых арганізмаў.

У рэлізе адзначаецца, што вынік перасягнуў самыя смелыя чаканні. Аналіз, праведзены праз два тыдні пасля пачатку такога лячэння, паказаў поўную адсутнасць ВІЧ у клетках крыві, галаўнога мозгу, нырак, печані, селязёнкі і лёгкіх. Таксама назіралася значнае зніжэнне віруснай РНК у клетках лімфацытаў і лімфатычных вузлах.

Некаторыя спецыялісты ўжо назвалі вынік рэвалюцыйным. Ёсць усе падставы верыць, што ў канчатковым выніку гэта таксама зможа дапамагчы і мільёнам заражаных ВІЧ людзей.

Як вядома, антырэтравірусныя прэпараты, якія традыцыйна выкарыстоўваюцца пры ВІЧ, маюць адзін недахоп: яны не вядуць да выдалення віруса з клетак, а толькі прыгнятаюць яго размнажэнне, і таму не даюць магчымасці казаць аб поўнай перамозе над вірусам, хоць пры выкарыстанні антырэтравіруснай тэрапіі жыццё пацыента можна падоўжыць да 80 гадоў.

Паводле “Нашай Нівы”.