Віляйчанка Святлана Паўлава прызнаецца: “Ніколі і не думала, што буду займацца творчасцю”. Але зараз яна і мыла ручной работы вырабляе, і дэкорам з тканіны займаецца.

– Калі чалавек знойдзе тое, што яму прыйдзецца да душы, то гэта атрымаецца, – упэўненая. І прыводзіць прыклад. – У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва, дзе працую, пажылыя людзі вельмі прыгожа лепяць з гліны. Мы не думалі, што ў іх так цудоўна атрымаецца.

У Святланы разам з паплечнікамі ўзнікла ідэя дапамагчы творцам стаць прадпрымальнымі і паўдзельнічаць у дабрачыннасці. Вырашылі стварыць сацыяльную арт-лабараторыю “Добрыя рэчы”.

– Прааналізавалі сітуацыю на Вілейшчыне, паглядзелі на тых людзей, з якім  працуем у цэнтры і вырашылі паспрабаваць запусціць праект. Апроч зарэгістраваных рамеснікаў, яшчэ ж многія займаюцца творчасцю для сябе. Кажуць: “Я гэта, можа, і рабіў бы, але не ведаю, ці будзе гэта прадавацца і ці трэба гэта наогул каму-небудзь”. А тут у іх будзе шанец паспрабаваць сябе ў сацыяльным прадпрымальніцтве.

У выніку можна будзе наладзіць продаж вырабаў віляйчан – у тым ліку, людзей з інваліднасцю і пажылых, якія займаюцца ў гуртках і працоўных майстэрнях тэрытарыяльнага цэнтра.

– Але трэба ведаць, што будзе карыстацца попытам. Таксама ў нас ёсць людзі, якія могуць бясплатна навучыць творчым заняткам. Аднак трэба зрабіць так, каб яны сустрэліся на якой пляцоўцы, змаглі падзяліцца досведам, – тлумачыць Святлана. – Трэба выйсці і на кірмаш – паглядзець, як гэта прадаецца, як будаваць зносіны з пакупнікамі. Бо камусьці трэба ўсміхнуцца, іншаму – падрабязна растлумачыць пра свае творы.

Фота забяспечана Святланай Паўлавай.

Фота забяспечана Святланай Паўлавай.

Што ў праекце

Праект сацыяльнай арт-лабараторыі ўключае ў сябе першы ў Беларусі сувенірны чэрыці-шоп (дабрачынную краму), выязныя майстар-класы, творчыя сустрэчы. Напрыклад, хочуць арганізаваць ”Бадзёры панядзелак” – дзень сувенірных распродажаў, калі любы сувенір можна будзе набыць за вызначаную суму. А ў “Шчодрую пятніцу” раз на месяц любы ахвотны можа прынесці зроблены сваімі рукамі сувенір і пакінуць яго на рэалізацыю.

– Як вынік, занятак творчасцю дзецям і моладзі дапаможа адарвацца ад камп’ютара і пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, паспрабаваць сябе ў нечым новым і перадаць гэтыя веды бацькам. Для людзей старэйшага ўзросту – гэта магчымасць не толькі знайсці сабе занятак па душы, але і падзяліцца досведам.

Ідэю чэрыці-шопу падгледзелі ў Шатландыі

Яна з’явілася пасля таго, як у тэрытарыяльным цэнтры пачалі знаёміцца з формамі занятасці  людзей з абмежаванымі магчымасцямі за мяжой. 

 – Летась нам пашчасціла быць у Шатландыі. Пабачылі, як там працуюць чэрыці-шопы, – прыгадвае  Святлана. – Сістэма простая. Чалавек можа прынесці сваё адзенне, абутак, рэчы, якая знаходзіцца ў добрым стане, і аддаць бясплатна ў краму. Там іх ацэньваюць і выстаўляюць на продаж. Не кожны можа дапамагчы грашыма, але затое можа прынесці рэчы. А грошы за іх накіруюць на дапамогу.  Чалавек выбірае, каму хоча яе аказаць: ёсць чэрыці-шопы, які падтрымліваюць анкахворых, сірот, медсясцёр…

У Вілейцы хочуць паспрабаваць стварыць спрошчаную мадэль чэрыці-шопу, пабачыць, як гэта атрымаецца.

Праект удзельнічае ў конкурсе Social Weekend

У Беларусі сёмы год запар праводзяць конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend.

Вілейскі праект выйшаў у фінал. Экспертнае журы адабрала 18 з 47 праектаў у рэспубліканскім і рэгіянальным конкурсах. Праект сацыяльнай арт-лабараторыі стаў адным з васьмі ўдзельнікаў фіналу рэгіянальнага конкурсу сацыяльных праектаў.

Фінал адбудзецца 4 чэрвеня. 

Калі не ўдасца перамагчы ў праекце і атрымаць фінансаванне?

– Усё роўна будзем працаваць па гэтым праекце. Але тады, напрыклад, не так хутка ўдасца арганізаваць стацыянарнае гандлёвае месца. Безумоўна, будзем шукаць іншыя крыніцы фінансавання. Мы гэтай ідэяй загарэліся, нам хочацца гэта зрабіць. Будзем рады бачыць усіх, хто займаецца ці хоча займацца творчасцю ці жадае дапамагчы. Заклікаем далучацца да нас.

Ад красавіка ўдзельнікі праекта выходзяць на кірмашы ў Вілейцы.

– Гэта робім для таго, каб пабачыць, што трэба людзям, расказаць пра сваю дзейнасць, прыцягнуць у наш праект новых людзей.  І наогул, каб зразумець, ці трэба гэта. Але пакуль па водгуках адчуваем, што трэба, – кажа Святлана Паўлава.