Зімародак – першая птушка-прыродны сімвал раёна, абраная ў Беларусі з дапамогай галасавання. Зімародак – знакавы від  для раёна. Менавіта ў Налібоцкай пушчы жыве больш за 40 пар гэтага віду птушак, уключанага ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Зімародак намаляваны і на неафіцыйным лагатыпе Налібоцкай пушчы, які нядаўна з’явіўся на серыі беларускіх паштовых марак.

19 мая сесія раённага Савета народных дэпутатаў сваім рашэннем зацвердзіла прыродны сімвал раёна. Пасля гэтага мастакі са студыі ТАКТАК Аляксандр Благій і Марыя Рудакоўская размясцілі графіці на будынку Цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Валожыне (плошча Свабоды, 5) і на сцяне аднаго з жылых дамоў (вуліца Савецкая, 126). У чэрвені свой малюнак з зімародкам  з’явіцца і ў Івянцы.

–  Графіці з зімародкам – новы, прыгожы, вельмі цікавы мастацкі аб’ект для нашага горада. Я думаю, цяпер кожны жыхар зверне ўвагу на гэтую птушку, больш людзей дазнаецца пра тое, што зімародак з нядаўняга часу – сімвал нашага раёна. Турысты таксама будуць звяртаць увагу і на графіці, і на скульптуру, якая з’явіцца ў хуткім часе, ды змогуць пабачыць, што мастацтва можа быць не толькі прыгожым, але і пазнавальным, – адзначае загадчыца Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай Алена Трасцянка.

Прыкладна праз месяц Валожын чакае яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: ўстаноўка скульптуры зімародка. Дарэчы, гэта не першая скульптура птушкі, якая з’явіцца ў Беларусі: бронзавы кулік-марадунка ўжо ёсць у Тураве, а ў Баранавічах – верабей.

Паводле ptushki.org