Пра гэта распавяла “РГ” намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Маладзечанскага райвыканкама Вольга Клепакова.

Пасяджэнне камісіі, на якім прымалася рашэнне, прайшло ў аўторак, 24 мая.

– Маці Ангеліны раскайваецца, плача, – распавядае Вольга Паўлаўна. – Казала, што ночы не спала, перажывала. Яна ж сама сірата. Дзяўчынку мы вярнулі. На самой справе, сям’я не праблемная. У іх двухпакаёвая кватэра, мэбляваная, запазычанасцяў па камунальных плацяжах няма, поўны халадзільнік яды.

Вольга Клепакова адзначае, што ўпершыню гэта сям’я трапіла ў сітуацыю, калі мусіла ўмяшацца камісія па справах непаўналетніх.

– Мы не настойваем на тым, каб вырваць дзіця з сям’і, – тлумачыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх. – Сапраўды, у жыцці рознае можа здарыцца. На гэты раз мы папярэдзілі, што калі сітуацыя паўторыцца, то рашэнне можа быць іншым.

Як зазначае Вольга Клепакова, сям’і ўсяляк будуць дапамагаць. І з тым, каб Ангеліну адправіць у садок, і з тым, каб уладкаваць Вікторыю, яе маці, на працу. З папярэдняй працы жанчына звольнілася, калі зацяжарала.