27 і 28 мая на племянной каняферме ў Палачанах пройдуць спаборніцтвы па канкуры сярод наезнікаў каняфермы.

Акрамя спаборніцтваў, кіраўніцтва і наезнікі каняфермы вырашылі зладзіць свята для ўсіх аматараў верхавой язды, для ўсіх, хто любіць коней.

Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказала Алёна Белавус, адна з арганізатараў свята:

– Мы спрабуем удыхнуць у нашу каняферму новае жыццё. Таму шукаем розныя спосабы папулярызацыі такога віду спорту, як верхавая язда. Спадзяёмся, што тыя, хто прыедзе да нас на свята, потым будуць прыязджаць часцей. 

Акрамя відовішчных спаборніцтваў, а некаторыя коні будуць пераадольваць 120-130-сантыметровыя бар’­еры, усе ахвотныя змогуць пакатацца на карэце або вярхом на кані, паўдзельнічаць у забаўляльнай праграме ды і проста палюбавацца на прыгожых, паро­дзістых коней.

– А для дзетак-інвалідаў мы правядзём нашу традыцыйную акцыю дабрыні. Акцыя пройдзе ўжо ў пяты раз. Напрыканцы кожнага месяца мы ладзім такія сустрэчы. Тэрапеўтычны эфект ад катання і проста ад знаходжання побач з коньмі вядомы даўно.

– Ці можна прывозіць коням прысмакі?

– Так. Нашых гадаванцаў можна частаваць яблыкамі, морквай і цукрам. На свяце мы паставім кошыкі, куды можна будзе пакласці іх для коніка. А вось карміць іх самім нельга. Таму што ў кожнага нашага гадаванца свой рэжым. А яшчэ не ўсе коні любяць цукар або яблыкі. Таму мы самі размяркуем тую садавіну, гародніну і цукар, што прынясуць наведнікі, і пасля будзем частаваць нашых гадаванцаў.

Спаборніцтвы і ў пятніцу, і ў суботу па­чынаюцца а 10 гадзіне раніцы.