Клуб маладых адкрывальнікаў (КМА) існуе ў СШ №5 ужо чатыры гады. Такіх клубаў у Беларусі толькі тры: яшчэ ў Жодзіне ды Пінску. Стварэнне яго  – праект Цэнтра навукі “Капернік”, што знахо­дзіцца ў Варшаве. Арганізатары распаўсюджваюць гэту ідэю на краіны Усходняй Еўропы.

Маладзечанскія вучні спазнаюць навакольны свет, право­дзяць доследы, цікавяцца навукай і прыроднымі з’явамі. Кіраўнікі клуба настаўніца біялогіі Алена Парахня і выкладчыца фізікі Людміла Гумянюк супрацоўнічаюць з “Капернікам” і штогод у лістападзе наведваюць форум у Цэнтры навукі.

Для папулярызацыі навукі і тэхнікі акрамя форуму там ладзяцца навуковыя пікнікі. Яны праводзяцца на вуліцы, на вялікай тэрыторыі. Розныя навуковыя ўстановы паказваюць доследы. Сёлета прайшоў 20, юбілейны, навуковы пікнік Польскага радыё і Цэнтра навукі “Капернік”. Арганізатары вырашылі запрасіць замежныя КМА і прапанавалі выбраць адзін клуб з Беларусі.

Сувязь паміж сфагнумам і Беларуссю

Школьнікі з Мала­дзечна сталі ўдзельнікамі навуковага пікніка першы раз. Кірыл Абрамовіч, Павел Кіслы, Данііл Круплевіч і Ягор Уладзіміраў – актыўныя і дапытлівыя вучні 7 “А” класа. У чатырохдзённую паездку ў якасці апекуна з імі ездзіла Людміла Гумянюк.

Кожны год польскія арганізатары выбіраюць новую тэму пікніка. У гэты раз яна называлася “Здароўе”. ­Удзель­нікам трэба было падрыхтаваць тры доследы, звязаныя з тэмай. А таксама правесці сувязь паміж эксперыментамі і роднай краінай.

– Нашы вучні паказалі дослед “Цуда-мох” са сфагнумам. Гэта балотны мох, які ўбірае многа вільгаці. Больш за вату ці звычайны мох. І паколькі ў Беларусі шмат балот, сфагнуму хапае. Яго можна выкарыстоўваць як антысептычны матэрыял: прыкладваць да ран, нават рабіць перавязкі. Беларускія партызаны ў лясах так і рабілі ў час вайны.

Акрамя таго, сфагнум змяшчае кіслоты, якія забіваюць бактэрыі. Вось які дослед праводзілі нашы вучні. Яны бралі сфагнум, звычайны мох і вату і ўзважвалі аднолькавую колькасць. Потым апускалі ў ваду. Праз пяць хвілін ўзважвалі яшчэ раз. Паказвалі, што сфагнум убірае больш вільгаці. А вада, у якой ён замочваўся, валодае кіслотнай рэакцыяй. Бо лакмусавая паперка, апушчаная ў ваду, чырванела. З балотнага моху таксама можна вырабляць вусцілкі, – распавяла Алена Парахня.

Таксама школьнікі паказалі доследы “Асцярожна! Вуглякіслы газ” і “Непаслухмянае цела”. У першым яны даказвалі, што газ цяжкі. Адзін паветраны шар надзімалі помпай. Другі – з дапамогай хімічнай рэакцыі: у бутэльку налівалі воцат, у шарык клалі соду і нацягвалі на горлачка. Сода падала, і шар на­дзімаўся вуглякіслым газам. Вучні прапаноў­валі гледачам ўзяць і адпусціць і адзін, і другі на зямлю. Шарык з вуглякіслым газам падаў адразу, бо гэты газ больш цяжкі. У выніку школьнікі раілі быць асцярожнымі ў тых выпадках,  калі трэба спускацца ў калодзеж, каб яго пачысціць, у пячору, падвал або ў іншую нізіну.  Бо газ, хаця і не атрутны, але ў вялікай колькасці можа прывесці да смерці ад недахопу кіслароду.

Ці зможаце вы падмануць мозг?

У апошнім доследзе маладзечанцы паказвалі, як мозг нас падманвае.

Трэба было падняць правую нагу і пакруціць ёй па гадзіннікавай стрэлцы, адначасова малюючы ў паветры правай рукой шасцёрку. У людзей не атрымліваецца рабіць гэта сінхронна.

Левая частка мозгу кантралюе правую, і тут жа знаходзіцца цэнтр сінхранізацыі і рытму. Ён не можа рабіць два супрацьлеглыя рухі.

Маладзечанскія вучні стаялі ў палатцы дзве з паловай гадзіны. І гэта быў вельмі добры досвед, бо яны адчувалі сябе папулярызатарамі навукі на такім грандыёзным мерапрыемстве. Вакол палаткі заўсёды было шмат наведнікаў, якія цікавіліся доследамі беларускай каманды. Акрамя іх, сёлета паказвалі доследы сем польскіх Клубаў маладых адкрывальнікаў і па адным з Грузіі і Украіны.

– Нас вельмі гасцінна сустракалі палякі. Жылі мы ў хостэле. Усе выдаткі на дарогу, пражыванне і харчаванне ўзялі на сябе арганізатары. Гэта выдатна, што дзяцей запрасілі. Яны пахадзілі па Цэнтры “Капернік”, паглядзелі. Нам далі гіда, які ўсё тлумачыў. Вучні былі проста ў захапленні! Дзеці адчувалі сябе першаадкрывальнікамі, бо там можна было рабіць эксперыменты самому. Мы наведалі тэатралізаваную дэманстрацыю па раўнавазе цел, тэатр высокіх напружанняў, – расказала Людміла Гумянюк.

Дзе можна страціць сваё адлюстраванне

У цэнтры шмат дзіўных галерэй. Да прыкладу, выстава “Люстэркі”, дзе можна пабачыць сваё адлюстраванне ў калейдаскопе і развіць абстрактнае мысленне. Ці тэатр, у якім выступаюць робаты.  

Павел Кіслы падзяліўся, што яму падабалася “Зона святла”. Яе сутнасць у стварэнні аптычных ілюзій з дапамогай сімулятара і знаёмстве з рознымі формамі электрамагнітнага выпраменьвання. Напрыклад, можна сесці і гля­дзець на сваё адлюстраванне. А праз 30 секунд заўважыць, што яно знікла. Ці ілюзія з няроў­най падлогай. У кутку можа стаяць два чалавекі аднолькавага росту, але першы падасца карлікам, а другі – веліканам.

Як распавяла настаўніца фізікі, моўны бар’ер паміж удзельнікамі безумоўна прысутнічаў. Але арганізатары праводзілі гульні на знаёмства, на пераадоленне моўнага бар’ера, на зносіны і ўзаемадзеянне. Ягору Уладзіміраву такая інтэграцыя вельмі падабалася. Усіх падзялілі на групы так, каб у кожнай былі дзеці з розных краін. І давалі заданне. Каб яго выканаць, удзельнікам груп належала неяк дамовіцца паміж сабой.

Яшчэ для школьнікаў праводзілі трэнінгі, якія дапамагалі разняволенню дзяцей. І настройвалі на тое, што паказы на пікніку – гэта не спаборніцтвы паміж клубамі. Удзельнікі робяць агульную справу – папулярызуюць навуку.