У Германіі выдаткоўваюць немалыя грошы, каб разумныя галовы рухалі прагрэс. Вось што пішуць аўтары кнігі “Факты пра Германію”, якая выйшла ў 2015 годзе.

Германія ўваходзіць у лік найбольш перадавых краін у плане навуковых даследаванняў і акадэмічнай адукацыі. Пра гэта красамоўна сведчыць трэцяе месца сярод краін з найбольшай колькасцю Нобелеўскіх лаўрэатаў: больш за 80 чалавек.

У сучасным глабальным свеце веды лічацца важнай “сыравінай”, і ў Германіі нядрэнныя шанцы ў канкурэнтнай барацьбе за лепшыя галовы.

У навуковым ландшафце Германіі можна вылучыць трох асноўных гульцоў – шчыльную сетку з 400 ВНУ, вядомыя ва ўсім свеце пазаўніверсітэцкія навукова-вытворчыя інстытуты і магутныя навукова-вытворчыя кластары.

Менавіта дзякуючы поспехам у навуковых даследаваннях Германія з’яўляецца чэмпіёнам па экспарце хайтэк-прадукцыі (12% ад аб’ёму сусветнага гандлю) і лідарам у вобласці інавацый сярод краін Еўрапейскага Саюза.

Займацца навукай і навуковымі даследаваннямі ў Германіі лічыцца вельмі прэстыжным. Цягам апошніх гадоў прадстаўнікі бізнесу і палітыкі ўвесь час павялічвалі бюджэтныя выдаткі на навуковую работу.

У 2013 годзе на фінансаванне навукі пайшло 2,84% ад валавога ўнутранага прадукту. Адпаведна, Германія ўвахо­дзіць у лік краін-лідараў, якія інвестуюць больш 2,5% свайго валавога ўнутранага прадукту ў навуковыя даследаванні і інавацыйныя распра­цоў­кі.

Агулам на навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы ў Германіі ў 2013 годзе была выдаткавана амаль 80 мільярдаў еўра. Прамысловы сектар выдзяляе каля 67%, ВНУ – 18% і дзяржава – 15%. Даследаванне Innovation Union Scoreboard 2015 Еўрапейскай Камісіі ўклю­чыла Германію разам з Швецыяй, Даніяй і Фінляндыяй у групу “інавацыйных лідараў” Еўрасаюза.

У параўнанні з іншымі краінамі 7% глабальных выдаткаў на навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы прыпадаюць на Германію, хаця ў краіне жыве ўсяго 1,2% насельніцтва зямнога шара.

Публікацыя ў межах спецыяльнай рубрыкі: “Міжнароднае супрацоўніцтва: Беларусь-Германія”

Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі

УНП 101166185