Сёлета на Маладзечаншчыне дазволена купацца ў пяці вадаёмах. Гэта Удранка побач з гарадскім пасёлкам Радашкавічы, вадаёмы санаторыя “Сасновы бор”, у аграгарадку Беразінскае, побач з аграгарадком Хажова, вадаёме дома адпачынку “Алеся”.

На іншых вадаёмах Маладзечаншчыны купацца забаронена.

Дзе часцей за ўсё танулі за апошнія 15 гадоў

Месца здарэння

Колькасць выпадкаў

Дома ў ваннай

19

Рака Уша

16

Вадаём у вёсцы Насілава

13

Вадаёмы каля дачных кааператываў вёскі Мароські

11

Канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы

10

У штучных вадаёмах каля дома

9

Кар’ер Ізабеліна

7

Васькаўскае вадасховішча

5

Вадаём каля вёскі Крыніца

4

Рэчка і вадаём каля вёскі Гарадок

4

Нягледзячы на тое, што купацца ў вадаёме каля вёскі Насілава, былых кар’ерах Ізабеліна і каля дачных кааператываў вёскі Мароські забаронена, тонуць там амаль штогод.

Правілы купання, якія выратуюць вам жыццё

Ад 23 і да 30 мая на Маладзечаншчыне праходзіць тыдзень бяспекі на водах. У гэты час на прадпрыемствах, установах адукацыі праходзяць гутаркі наконт правілаў паводзінаў на вадзе. Мы таксама нагадаем правілы, якіх трэба прытрымлівацца, каб выратаваць сваё жыццё:

1. Не рэкамендуецца купацца ў небяспечных і забароненых для гэтага месцах (побач з гідразбудаваннямі, у былых кар’ерах, у месцах са складаным рэльефам дна, абрывістымі і абмытымі берагамі, хуткім цячэннем, вірамі і інш.).

2. Калі вы купаецеся ў незнаёмым месцы, чалавек, які добра плавае, павінен даследаваць рэльеф дна. Дно павінна быць без ямаў, вострых камянёў, шкла і іншых небяспечных прадметаў.

3. Не купайцеся ў месцах, зарослых водарасцямі. Калі вы не ўпэўненыя ў сваім уменні трымацца на вадзе, пацікаўцеся пра стан вадаёма ў мясцовых жыхароў альбо іншых адпачывальнікаў.

4. Знаходзячыся ў ва­дзе, вытрымлівайце тэмпературны рэжым цела. Уваходжанне і скокі ў ваду ў разгарачаным і ўзбуджаным стане, у выніку рэзкага перападу тэмпературы могуць прывесці да спазма сасудаў, у тым ліку галаўнога мозга і сэрца. Перш чым акунуцца, змачыце галаву вадой. Калі не хочаце мачыць валасы, уваходзьце ў ваду паступова. Не знаходзьцеся доўга ў вадзе, гэта можа прывесці да пераахаладжэння.

5. Не ўваходзьце ў ваду, калі дрэнна сябе адчуваеце альбо ў стане алкагольнага ап’янення.

6. Не пакідайце дзяцей без нагляду.

7. Не заплывайце далёка ад берага. Не ўмееце плаваць – не заходзьце ў ваду вышэй за пояс. Няўпэўнена плаваеце – плывіце ўздоўж берага альбо ў накірунку да яго.

8. Не падавайце лжывыя сігналы аб дапамозе – у наступны раз вам могуць не паверыць.

9. Не выкарыстоўвайце для купання непрызначаныя для гэтага прадметы (надзіманыя матрацы, дошкі, аўтамабільныя камеры).

10. Не выкарыстоўвайце выратавальныя сродкі не па прызначэнні.

11. Не падплывайце блізка да маторных лодак, асабліва падчас іх руху.

12. Недапушчальныя гульні на вадзе, звязаныя з ныраннем і захопам чалавека, які купаецца.

13. Небяспечна ныраць з берага, лодак, катараў, прычалаў, мастоў і іншых збудаванняў у неправераных месцах.

14. Трапіўшы ў моцнае цячэнне, не плывіце супраць яго.

15. Трапіўшы ў вір, не губляйцеся, набярыце паболей паветра, нырніце па цячэнні і ўсплывіце на паверхню.

16. Пры сутаргах змяніце спосаб плавання, каб зменшыць нагрузку на зведзеныя мышцы, і плывіце да берага. Карысна мець пры сабе шпільку. Калі сутарга звяла мышцы – укаліце сябе ёй. Але не забудзьцеся прадэзінфікаваць ранку.

17. Непажадана купацца раней чым праз 1,5-2 гадзіны пасля  таго, як вы паелі.